Прафкам «Беларуськалія»: «Мы не збіраем амуніцыі для Наваросіі!»
На мінулым тыдні «Радыё Свабода» паведаміла, што афіцыйны прафсаюз «Беларуськалія» збірае прыцэлы начнога бачання і амуніцыю для жыхароў і абаронцаў Данбаса. Аднак у прафсаюзе гэтую інфармацыю катэгарычна абверглі.
«Да нас звярнуліся нашыя жа супрацоўнікі, з забойнай групы. Па тэлевізары бачым, што на Украіне ідзе вайна, людзі застаюцца без жылля — і захацелася неяк дапамагчы. Прафкам
гэтае пытанне абмеркаваў і прыняў рашэнне правесці акцыю і сабраць цеплыя рэчы: падушкі, коўдры, курткі і г.д», — расказаў старшыня прафкама ААТ «Беларуськалі»
Ігар Навумовіч.
Ні пра якія ваенныя рэчы гаворкі не было, падкрэсліў ён.
«Наш прафсаюз па-за палітыкай і супраць вайны. Што ж тычыцца фотаздымка аб’явы, дзе ад нашага імя заклікаюць прынесці камуфляваныя рэчы, берцы і іншае — гэта
правакацыя нейкіх нядобрасумленных таварышаў, якія вырашылі выкарыстаць імя Белхімпрафсаюза, — сказаў Навумовіч. — На некаторых сайтах пішуць нібыта мы збіраем цеплавізары і прыборы
начнога бачання. Гэта дурасць! Дурасць! Проста нехта хоча нас падставіць».
Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», у салігорскі прафкам па дапамогу звярнулася беларуская філія расейскага фонду «Сваіх не кідаем». Гэты фонд займаецца
зборам сродкаў і рэчаў менавіта для байцоў «Наваросіі». Аднак Ігар Навумовіч паведаміў, што ніякіх кантактаў з прадстаўнікамі гэтай суполкі ў яго не было. А ўсё сабранае, па яго
словах, будзе перададзена непасрэдна ў Чырвоны Крыж.
Што тычыцца беларускай філіі «Сваіх не кідаем», то ніякіх кантактаў яе знайсці не ўдалося. На афіцыйным сайце фонду ў спісе краін, у якіх дзейнічаюць пункты збору дапамогі,
есць нават Велікабрытанія, Германія і Казахстан, але Беларусі няма.
nn.by