Камбат Сяменчанка: Украіне трэба адмовіцца ад ганебных Мінскіх пагадненняў
Камітэт па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны Вярхоўнай Рады рыхтуе пастанову пра прызнанне сітуацыі на ўсходзе Украіны вайной.
Пра гэта заявіў дэпутат ад «Народнага фронту», камандзір батальёна «Днепр-1» Юры Бяроза. Паводле іншага дэпутата і камбата Сямёна
Сяменчанкі, Украіне варта адмовіцца ад фармату Мінскіх перамоваў і пачынаць адваёўваць сваю тэрыторыю. Палітолагі кажуць: абвясціць ваеннае становішча трэба, але толькі на ўсходзе
Украіны.
Тое, што адбываецца на ўсходзе Украіны — сапраўдная вайна з Расіяй. І ўсе ўкраінцы павінны нарэшце пачаць называць рэчы сваімі імёнамі, запэўнівае дэпутат Вярхоўнай Рады ад
«Народнага фронту», камандзір батальёна «Днепр-1» Юры Бяроза.
Таму парлямэнцкі Камітэт па пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны рыхтуе да галасавання ў Вярхоўнай Радзе пастанову аб прызнанні вайны, кажа ён.
«Вайна да гэтага часу не названая вайной. Мы не можам выкарыстоўваць армію, перакрыць мяжу. Калі ў нас вайна, мы павінны зрабіць суцэльны фронт, перакрыць усё. Чаму мы да гэтага часу
маем гандлёвыя адносіны з Расіяй? Нас не разумее свет. Аб якой мы дапамозе тады просім, калі самі не называем вайну вайной?» — пытаецца Юры Бяроза.
Мінскія дакументы як ганебны Берасцейскі мір
Кіеву варта адмовіцца ад фармату Мінскіх перамоваў, і Вярхоўная Рада гатова падтрымаць такую ініцыятыву, запэўнівае народны дэпутат ад фракцыі «Самапомач», камандзір
дабравольніцкага батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка. У яго выклікае абурэнне, што Украіна не вызваляе свае тэрыторыі менавіта цяпер — у самы слабы для Расіі час.
«Нам неабходна адмовіцца ад ганебных Мінскіх пагадненняў. Гэты фармат нічога не гарантуе. Трэба перайсці да іншага фармату, дзе будуць заходнія пасярэднікі — у першую чаргу
ЗША. Бо гэтыя зневажальныя перамовы — калі тэрарысты ні ў грош не ставяць нашу краіну, не выкананая ні адна ўмова перамір’я, падае кошт на нафту, рубель, пачынаецца паўстанне
прыгнечаных народаў супраць Крамля, а мы ў гэты час зняважана просім міру — гэта павінна сысці ў мінулае», — адзначае Сяменчанка.
Элементы ваеннага становішча трэба было абвясціць даўно, лічыць палітолаг Віктар Небажэнка. А пасля гэтага ствараць стаўку галоўнага камандавання і прызначаць рэальных ваенных
камандзіраў, адказных за сітуацыю ў краіне.
«Але гэта называецца жыць па-новаму. А гэтага ніхто не хоча, усе хочуць па-ціхаму — дамоўленасці паміж Меркель, Пуціным, Захадам, Кіевам... А вайна развіваецца паводле сваіх
правілаў, і яе не спыніць ні Мінскімі таемнымі дамоўленасцямі, якія больш нагадваюць Берасцейскі мір, ні іншымі спосабамі. Украіне давядзецца прызнаць тое, што на нас напалі, назваць суперніка, то
бок Маскву, агрэсарам. І ў тых раёнах, дзе адбываюцца ваенныя сутыкненні з расійскімі войскамі, абвясціць ваеннае становішча.
Чыноўнікі пойдуць у войска?
Украіне ёсць чым пагражаць Расіі, сцвярджае пазафракцыйны дэпутат, баец батальёна «Днепр-1» Уладзімір Парасюк. Як мінімум, Кіеў ужо даўно павінен увесці
сур’ёзныя эканамічныя санкцыі. Што тычыцца магчымай мабілізацыі, дэпутат кажа: яна пачнецца з чыноўнікаў.
«Мы ўжо сабралі групу народных дэпутатаў, якія будуць уручаць позвы і запрашаць да служэння сваёй краіне, напрыклад, суддзяў. Я вам хачу сказаць, што вельмі хутка вы ўбачыце, як першы
суддзя атрымае запрашэнне ісці абараняць нашу зямлю!»
На пытанне, ці не баяцца яны здрады высокапастаўленых, камбаты адказалі:
«У войску ёсць вельмі шмат пытанняў, якія можна даверыць суддзям. Напрыклад, капаць акопы». І паабяцалі стварыць новы батальён пад назвай «Мажор» —
для дэпутатаў, якія не будуць выконваць сваіх службовых абавязкаў у парламенце.
svaboda.org