Пракуратура — Зміцеру Крэмянецкаму: “Скарга прызнаная абгрунтаванай і падлягае задавальненню”

Пракуратура Ельскага раёна прызнала шматлікія парушэнні правілаў унутранага распарадку ў ізалятары часовага ўтрымання аддзела ўнутраных спраў Ельскага райвыканкама.



kremjanecki.jpg

Зміцер Крэмянецкі

Пра гэта стала вядома з адказу пракуратуры на скаргу Зміцера Крэмянецкага, складзеную з дапамогай юрыстаў ПЦ “Вясна”. Актывіст адбываў у Ельску 10-суткавы адміністратыўны арышт у лютым-сакавіку 2014 года.

Па выніках праверкі пракуратура ўнесла прадстаўленне на адрас начальніка Ельскага РАУС з патрабаваннем прыняцця мер па ліквідацыі выяўленых парушэнняў, а Крэмянецкаму паведамілі, што “Ваша скарга прызнаная абгрунтаванай і, як следства, падлягае задавальненню”.

Зміцер Крэмянецкі скардзіўся на цеснату ў камеры і адсутнасць індывідуальнага спальнага месца, а таксама на тое, што пэўны час у камеры ўтрымліваўся затрыманы, які падазраваўся ў здзяйсненні злачынства, што з’яўляецца парушэннем часткі 1 арт 18.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу.

Гэтыя парушэнні цалкам знайшлі пацверджанне падчас пракурорскай праверкі ІЧУ.  Таксама вызначана, што Крэмянецкаму не былі растлумачаны ягоныя правы і абавязкі, а парадак утрымання асоб у ІЧУ не адпавядае шэрагу палажэнняў Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў  унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне у выглядзе арышту.

Так, у парушэнне п. 30 Правілаў пры ўтрыманні ў ІЧУ у адміністрацыйна затрыманых не было магчымасці прыняцця душа, памяшканні былі не абсталяваныя сеткавымі радыёпрыёмнікамі, адзначанае недастатковае асвятленне камеры.

У той жа час пракуратура адзначае, што “той факт, што ў камерах адсутнічаюць тэлевізары, а таксама бачкі з пітной вадой пры адначасовай наяўнасці кранаў з вадаправоднай вадой, парушэннямі вышэйзгаданых правілаў не з’яўляецца".

spring96.org