Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняк абскарджвае прысуд

Мінскі гарадскі суд разгледзіць сёння касацыйную скаргу актывіста кампаніі «Гавары праўду» Сяргея Вазняка.



vazniak.jpg

7 сакавіка кандыдата ў дэпутаты Мінскага гарадскога савета па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 38 Вазняка суддзя Савецкага раённага суду Мінску Марына Фёдарава аштрафавала на 40 базавых велічынь (5 мільёнаў 200 тысяч рублёў) нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства.


Яшчэ 22 лютага Сяргей Вазняк павёў перадвыбарчы пікет каля Камароўскага рынку, папярэдне паведаміўшы пра гэта ў Мінгарвыканкам (як гэтага і патрабуе Выбарчы кодэкс). Ён загадзя апусціў пісьмовае паведамленне ў скрыню гарвыканкама, адмыслова прызначаную для зваротаў і заяваў грамадзян. Але гэты ліст дзіўным чынам знік, што дало падставу для абвінавачвання кандыдата ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.


Довады Вазняка і яго абаронцы аб тым, што артыкул 3 закона «Аб масавых мерапрыемствах» рэгламентуе, што яго дзеянне не распаўсюджваецца на правядзенне мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках выбарчых кампаній, суддзёй Фёдаравай былі цалкам  праігнараваныя.  


Вазняк настойваў на тым, што любыя інцыдэнты, якія адбываюцца ў перыяд перадвыбарчай агітацыі, павінны кваліфікавацца ў рамках Выбарчага кодэкса, а не ў рамках заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і прапаноўваў накіраваць справу на разгляд тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.


spring96.org