Праваабаронца Стэфановіч: Улады не выпусцяць палітвязняў
Намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч лічыць, што беларускія ўлады не пойдуць у бліжэйшы час на вызваленне палітычных зняволеных. Паказальнай з’яўляецца апошняя справа палітвязня Мікалая Дзядка, які ўжо фактычна адбыў папярэдні тэрмін пакарання, але быў зноў асуджаны на 1 год і 3 дні зняволення за некалькі дзён да выхаду з турмы, нібыта за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням яе адміністрацыі.
Гэта выглядае вельмі дэманстратыўна з боку беларускіх уладаў, — мяркуе праваабаронца.
— Асуджэнне Дзядка, а я нагадаю, было яно на фоне ўсіх гэтых візітаў замежных высокапастаўленых чыноўнікаў у Беларусь. Мне падаецца, асуджэнне было не выпадковым, паколькі ў нейкім сэнсе з’яўляецца сігналам беларускіх уладаў адносна таго, што пытанне палітычных зняволеных яны вырашаць, прынамсі ў хуткім часе, не збіраюцца. Таму што задачы па захаванні стабільнасці, недапушчэння стабілізацыі значана больш важныя для ўладаў, чым стасункі з Захадам. Хацелася б памыліцца, але іншыя палітычныя зняволеныя таксама наўрад ці могуць разлічваць на хуткае вызваленне, — гаворыць Стэфановіч.
На думку праваабаронцы, задача беларускага МЗС заключаецца ў тым, каб Захад прыняў Беларусь такой, якой яна ёсць, без усялякіх умоваў і павучэнняў.
— Пазіцыя афіцыйнага Менску адносна падзеяў ва Украіне паспяхова канверціруецца не толькі ўнутры Беларусі, сярод яе грамадзянаў, якія жадаюць захавання стабільнасці, але і на Захадзе. І мы гэта бачым, — лічыць Валянцін Стэфановіч.