Прэзідэнт Міжнароднага Чырвонага Крыжа: арганізацыя не мае мандата для наведвання беларускіх турмаў

Пісьменнік Саша Філіпенка распавёў сваім падпісчыкам у Facebook, што атрымаў адказ на свой зварот да прэзідэнта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Петэра Маўрэра.

Саша Філіпенка / Еўрарадыё

Саша Філіпенка / Еўрарадыё


У сярэдзіне лютага Філіпенка апублікаваў у швейцарскім выданні «Neue Zürcher Zeitung» адкрыты ліст да Маўрэра, у якім сярод іншага нагадаў пра сваю прапанову наведаць беларускія турмы, дзе ўтрымліваюць пратэстоўцаў, і паглядзець, як «жанчыны спяць на бетонных падлогах і металічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлогах, не абгароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камеры ні зубныя шчоткі, ні пракладкі», — паведамляе «Еўрарадыё».

Першы раз пісьменнік прасіў кіраўніка МЧК паўплываць на тое, як ставяцца ў турмах да затрыманых, яшчэ восенню 2020-га — падчас сустрэчы з Маўрэрам у Маскве. Але тады кіраўнік МЧК сказаў, што гэта немагчыма, арганізацыя прытрымліваецца нейтралітэту і не валодае такім мандатам.

У тым жа духу Петэр Маўрэр адказаў на ліст Сашы Філіпенкі і зараз.

«У эфіры швейцарскага радыё Петэр Маўрэр з усмешкай заявіў, што не хоча лаяцца з пісьменнікам, творчасць якога шануе. На гэтым можна было б спыніцца і адправіцца інспектаваць беларускія турмы, але Петэр Маўрэр чарговым разам заявіў, што нікудышанькі не паедзе», — распавядае Саша Філіпенка.

Аргументацыя ў кіраўніка МЧК была тая ж, што і ўвосень: у арганізацыі няма адпаведнага мандата, які дазволіў бы ўвайсці ў беларускія турмы.

«Увогуле, пакуль не пачнецца поўнамаштабная вайна, — ён не можа. У мірны час Чырвоны Крыж здольны толькі ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, але гэтага Петэр Маўрэр у эфіры швейцарскага радыё чамусьці не сказаў», — адзначыў Саша Філіпенка.

Пра ўдзел прадстаўнікоў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у МЧК пісала і Народнае антыкрызіснае кіраванне — нагадвала пра тое, што прадстаўнікі БТЧК былі сябрамі ўчастковых выбарчых камісій і на многіх участках, дзе яны працавалі, была зафіксаваная фальсіфікацыя вынікаў. Акрамя таго, БТЧК не заступілася за медыкаў, якіх пасля выбараў звальнялі і пераследавалі за грамадзянскую пазіцыю.

У сувязі з гэтым НАУ просіць МЧК ацаніць дзеянні прадстаўнікоў БТЧК і пазбавіць беларускі філіял фінансавай падтрымкі.