Разгляд касацыйнай скаргі Уладзіміра Яроменка прызначаны на 12 лістапада
Скаргу будуць разглядаць у Мінскім гарадскім судзе, паседжанне пачнецца ў 10.00. 20 жніўня Уладзіміра абвінавацілі ў парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага Кодэкса РБ), які ў чарговы раз быў усталяваны за актывістам 15 сакавіка 2013 года тэрмінам на 6 месяцаў.
Яроменак ў студзені 2011 года быў арыштаваны як падазраваны па справе «аб масавых беспарадках». Быў асуджаны на тры гады. Адбываў пакаранне ў калоніі пад Віцебскам. У жніўні 2011 года ў ліку іншых фігурантаў справы быў памілаваны. З тых часоў яшчэ некалькі разоў апынаўся за кратамі па адміністрацыйных артыкулах за ўдзел у акцыях пратэсту.
Крымінальную справу Уладзіміра Яроменкі аб парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду разглядаў суддзя Леанід Ермоленкаў, дзяржаўным абвінаваўцам выступала Чарапковіч. Прысуд быў агучаны 20 жніўня — 3 месяцы арышту.
Актывіст "Маладога фронту" накіраваў касацыйную скаргу на рашэнне суда Першамайскага раёне. Аднак калі прысуд пакінуць без зменаў, Яроменак павінен будзе адбыць 3-месячны арышт.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць асуджэнне Уладзіміра Яроменка відавочным фактарам, які сведчыць пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, замацоўвае адмоўную сталую тэндэнцыю апошніх месяцаў у дадзенай галіне. Менавіта таму праваабаронцы ў сваёй заяве заклікалі ўлады Беларусі спыніць крымінальны пераслед Уладзіміра Яроменка і спыніць практыку палітычна матываванага пераследу грамадска-палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў і ўсіх апанентаў дзеючага палітычнага рэжыму.