Рэканструяваны фрагмент беларускага катынскага спісу
Цэнтр Польска-расійскага дыялогу і паразумення апублікаваў частку прозвішчаў з так званага беларускага катынскага спісу — забітых на тэрыторыі Беларусі грамадзян Польшчы.
Фрагмент рэканструкцыі гэтага спісу складаецца з 98 прозвішчаў польскіх грамадзян, якія былі закатаваныя савецкай уладай ў 1940 годзе ў беларускіх турмах.
Спіс паўстаў у выніку параўнання спісаў польскіх грамадзян, якія загінулі на тэрыторыі былых паўночна-ўсходніх ваяводстваў Польшчы, з запісамі прозвішчаў асоб, якіх
перавозілі ў мінскую турму канвойнымі войскамі НКУС СССР.
Спіс 15 брыгады войск НКУС быў прадстаўлены Расійскім дзяржаўным ваенным архівам. Польскія грамадзяне з гэтага канвою былі за невялікімі выключэннямі завезеныя
ў мінскую турму ў перыяд з сакавіка па ліпень 1940 года. У гэты самы час войскі НКУС СССР выконвалі загад савецкага кіраўніцтва аб знішчэнні
польскіх грамадзян, якія былі інтэрнаваныя ў лагерах ваеннапалонных у Казельску, Старабельску і Асташкаве, а таксама ў турмах Заходняй Украіны
і Заходняй Беларусі.
Цэнтр Польска-расійскага дыялогу падкрэслівае, што адсутнасць далейшых
звестак пра асоб з гэтага спісу пацвярджае, што яны былі забітыя.
Спіс можа павялічыцца ў выніку далейшых даследаванняў.
Беларускія ўлады дагэтуль адмаўляюць існаванне беларускага «катынскага спісу».