Руслану Мірзоеву пагражае да трох гадоў турмы

На аўтара папулярных ролікаў «Хронікі заводу» і «Хронікі раёна» Руслана Мірзоева, па яго словах, завялі крымінальную справу.



mirzoeu.jpg

Фота belgazeta.by
Пра гэта ён паведаміў сайту charter97.org.
«У дачыненні да мяне ўзбуджаная крымінальная справа. Я па сутнасці ўжо павінен сядзець у турме, але пракурор мяне вызваліў пад падпіску аб нявыездзе да суда. Я знаходзіўся на хатняй "хіміі" пасля відэа «Хронікі раёна». Нечакана і рэзка з розных інстанцый на мяне пасыпалася куча парушэнняў. Яны неістотныя, але такім чынам у мяне сабралася каля пяці парушэнняў. Інспектар вельмі хутка распачаў крымiнальную справу, і калі я прыйшоў адзначацца, мяне ашаламілі такой  ​​весткай. Я адбыў трое сутак у КПЗ , але мяне нейкім цудам адпусцілі. Цяпер чакаю суда. Мне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі», — кажа Руслан.
Малады чалавек лічыць , што гэта непасрэдным чынам звязана з відэаролікамі, якія ён здымае.
«Натуральна, наўпрост мне ніхто не сказаў, што гэта звязана з маімі ролікамі. Факт у тым, што да відэа ўсё было нармальна, але пасля таго, як я адбыў сем сутак на Акрэсціна, усё закруцілася. Менш чым за месяц з'явілася такая колькасць парушэнняў, і была ўзбуджаная справа. Таму ў мяне склалася ўражанне, што да мяне ставяцца прадузята, бо мае знаёмыя адбываюць падобнае пакаранне. У іх па 17-20 парушэнняў і ўсё нармальна, а ў мяне толькі пяць і такі залёт», — працягнуў хлопец .
Ён адзначыў, што на дадзены момант не займаецца здымкамі «антысацыяльных» відэа, а робіць проста гумарныя ролікі.
«Але нягледзячы на гэта, нешта камусьці не падабаецца. Я з усіх сіл стараюся выконваць рэжым, але ад творчасці адмовіцца не магу. Гэта немагчыма. Як можна забіць у чалавеку агністы парыў яго сэрца і жаданне самарэалізавацца? Я разумею, у якой дзяржаве жыву, але я не магу забіць у сабе гэты парыў, што значыць згніць знутры», — падкрэсліў Руслан.
Нагадаем, Руслан Мірзоеў быў звольнены з Мінскага аўтазавода за «серыял» пра будні завадчан, а пасля атрымаў сем сутак арышту за свае новыя відэаролікі «Хронікі раёна».
charter97.org