«Знайшлі шчыліну ў падлозе». Санстанцыя і МНС дачасна прыкрылі выставу пра гераізм медыкаў

У мінскай event-прасторы «Месца» днямі адкрылася выстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не», прысвечаная медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся за апошні год. Але адпрацавала яна няпоўныя тры дні, распавядае «Свабода».

a7305225_b26d_48d6_bfda_28bb2e8054ac_cx16_cy20_cw74_w1023_r1_s__1_.webp

Куратар праекта — платформа SHKLO +, арганізатар — грамадскае аб’яднанне «Звяно». Аўтары прац — вядомыя фатографы і мастакі.

Імпрэза павінна была працаваць да 17 красавіка, але давялося закрыцца дачасна: у прасторы знайшлі парушэнні санстанцыя і ўпраўленне надзвычайных сітуацый.

Выстава «Машына дыхае, а я — не» адкрылася ў Мінску 30 сакавіка. Праект прысвечаны таму, з чым давялося сутыкнуцца беларускім медыкам: пандэмія COVID-19, палітызацыя сістэмы аховы здароўя. У праграме — фотаздымкі з «бруднай зоны», гісторыі лекараў і пацыентаў, самаарганізацыя беларусаў.

Аднак працу вымусілі спыніць праз два дні пасля адкрыцця. Адміністратарка арт-прасторы «Месца» кажа, што з імі такое здараецца ўпершыню.

«У нас сёння была праверка, — расказала адміністратарка прасторы «Месца» Аляксандра. — Санстанцыя і МНС, яны далі нам прадпісанне аб закрыцці. Мы будзем закрытыя з заўтрашняга дня. Зараз працуем з юрыстамі. Адкрыемся, як толькі ўсе парушэнні будуць выпраўленыя. Усе парушэнні я вам назваць не магу. Яны датычаць пажарнай бяспекі, гэта асноўнае. На арт-прастору праверка прыйшла ўпершыню, быў адзін чалавек ад санстанцыі і двое з МНС».

Паводле слоў Аляксандры, гэта першая праверка і закрыццё арт-прасторы з моманту яе адкрыцця 6 лістапада 2019 года. Раней візіцёры не мелі прэтэнзій да арганізатараў выстаў і уладальнікаў арт-прасторы.

«Вядома, мы чакалі такога, — расказала прадстаўніца куратарскай групы выставы Юлія Ваўчок. — Проста не думалі, што ўсё так хутка здарыцца. Магчыма, наіўна меркавалі, што неяк праскочым. Але такі сцэнар таксама разглядалі. Таму гэта ўсё не дзіўна для нас. Хіба крыху хутчэй усё здарылася, чым мы чакалі. Выстава адкрылася 30 сакавіка, людзі вельмі добра пайшлі. А ўчора быў выхадны ў самой арт-прасторы. І праверка прыходзіла яшчэ ўчора, толькі яны пабачылі зачыненыя дзверы. Таму сёння прыйшлі на самае адкрыццё».

Юлія падкрэслівае, што на выставе не было аніякай «палітыкі». Яна цалкам прысвечаная наступствам барацьбы з каронавірусам, пра адчуванні і пачуцці людзей.

«Так, у нас там былі лекары, — кажа Юлія. — Але яны таксама людзі, яны маюць свае перакананні і ўражанні. Агулам выстава пра тое, каб сказаць "дзякуй" урачам. Вельмі простая, банальная рэч. А тое, што ўжо хтосьці сабе надумвае, то хай сабе. Выстава працу не спыніць, у нас ёсць план Б. Мы перафарматуемся ў анлайн. Ужо амаль усё гатова, зараз паскорымся. Канешне, гэта не афлайн, але ўсё адно выстава працягнецца».

У праграме праекта значыліся выступы вядомых адмыслоўцаў галіны: анестэзіёлага-рэаніматолага Уладзіміра Мартава, лекара-інфекцыяніста Мікіты Салаўя, анестэзіёлага-рэаніматолага Андрэя Вітушкі, хірурга цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Дзмітрыя Маркелава ды іншых.

UPD. Тым часам адзін з арганізатараў выставы Максім Сарычаў абвесціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што імпрэза ўжо закрылася.

«МНС выявіла шчыліну ў падлозе. Бязлітасна. Выстава зачынілася у 18.00», — напісаў Максім Сарычаў.