«Савушкин» пераводзіць брэнд «Бярозка» на беларускую мову

Брэнд «Бярозка», які належыць «Савушкину», у хуткім часе стане цалкам беларускім.

2021_04_28114530_gkic6.jpg


«Бярозку» выпускаюць на Бярозаўскім сыраробчым заводзе, які належыць «Савушкину». У Бярозе робяць сыры, малако, тварог, сыркі, піша «Наша Ніва».

У галоўным офісе кампаніі пацвердзілі, што рэндары будучай упакоўкі сапраўдныя.

«Пытанне з выкарыстаннем беларускай мовы даўно стаяла перад кампаніяй, але праз вялікі экспарт у Расію лічылася, што расіяне не ўспрынялі б прадукцыю з беларускай мовай на этыкетцы. У той жа час, "Бярозка" — гэта брэнд, які мы плануем прадаваць на тэрыторыі Беларусі, таму мы вырашылі яго зрабіць беларускамоўным. Уся інфармацыя на ўпакоўцы: нэймінг, слоган, тэхнічная інфармацыя аб складніках і вытворчасці, — будзе пададзена на беларускай мове», — кажа маркетолаг «Савушкина» Алена Васянкова.

Калі новыя ўпакоўкі з'явяцца на паліцах? І што за прадукцыя там будзе?

«Рашэнне ўзгоднена нядаўна, цяпер ацэньваецца аб'ём ранейшай упакоўкі — яе ж трэба выкарыстаць, таксама дапрацоўваецца дызайн на ўсю лінейку прадукцыі, бо яна шырэй за тую, рэндарам якой вы валодаеце», — сказала Васенкова.

ААТ «Савушкин продукт» з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам малочнай прадукцыі ў Беларусі. Кампанія створана на базе акцыянаванага ў 1994 годзе дзяржпрадпрыемства «Брэсцкі малочны камбінат». З верасня 2016 года «Савушкин продукт» уваходзіць у холдынг «Санта». ТАА СП «Санта Бремор» належыць 92,64% акцый «Савушкин продукт», Брэсцкаму фонду дзяржмаёмасці — 1,15%, іншым акцыянерам — 6,21%. Канчатковым ўласнікам кампаніі з'яўляецца Аляксандр Машэнскі.

Сервіс «Крама» вызначае прадукцыю «Савушкина» як непажаданую для набыцця, бо Машэнскі лічыцца блізкім да Лукашэнкі бізнесменам. Імаверна, пераводам на беларускую мову часткі тавараў кампанія спрабуе «палепшыць імідж» сваёй прадукцыі ў беларусаў.