Следчы камітэт: Магілёўскія "чорныя рыэлтары" загадзя капалі магілы ахвярам
Зараз следства ведае пра трох намечаных ахвяраў, для дваіх з іх ужо былі выкапаныя магілы.
Следчы камітэт працягвае расследаваць крымінальную справу па дзейнасці "чорных рыэлтараў" у Магілёве, якія забівалі грамадзян, каб завалодаць іх кватэрамі.
Як паведамляе прэс-служба СК, ахвярамі яны выбіралі адзінокіх людзей з сацыяльна неабароненых катэгорыяў. Пацярпелыя пераважна злоўжывалі алкаголем і мелі запазычанасці па камунальных плацяжах.
Потым "рыэлтары" прыходзілі да ахвяры пад выглядам маладой сямейнай пары або судовага выканаўцы, які прыйшоў спаганяць пазыкі па камунальных паслугах. Ахвяру ўгаворвалі прадаць кватэру і купіць узамен больш танную. На атрыманую розніцу яны абяцалі ўладальніку кватэры прыемнае жыццё.
Потым ахвяру прыводзілі ў іншую кватэру, якую напярэдадні арандавалі на суткі, каб паказаць "будучае жытло". Гаспадара кватэры граў хто-небудзь са зламыснікаў, якому "рыэлтары" дэманстрацыйна перадавалі заклад за "куплю" кватэры. З пацярпелага ж бралі распіску, што ён абавязваецца вярнуць суму закладу.
Потым "чорныя рыэлтары" дапамагалі ахвяры сабраць і аформіць дакументы на продаж жылля. Потым ахвяру рэгістравалі па месцы жыхарства ў Мінскім раёне.
Пасля гэтага "чорныя рыэлтары" прадавалі кватэру за наяўныя грошы, а былога ўласніка запрашалі адсвяткаваць падзею. У бязлюдным месцы ахвяру забівалі. Прычым да гэтага зламыснікі рыхтаваліся загадзя: яны капалі магілу напярэдадні або за некалькі дзён пад нагодай пахавання "памерлага сваяка".
Раней Следчы камітэт паведамляў пра шэсць фактаў забойстваў грамадзян і адну падрыхтоўку да забойства, якую зламыснікі не паспелі адвесці да канца. Цяпер вядомыя яшчэ два факты падрыхтоўкі да забойстваў. Для дваіх няздзейсненых ахвяраў зламыснікі паспелі падрыхтаваць магілы.