СМІ: Гомельскай чыгунцы загадалі дэмантаваць надпісы на лацінцы і па-англійску

Падобна, што асобныя ведамствы РФ ужо лічаць Беларусь часткай уласнай краіны — паездкі з Расіі ў Беларусь Міністэрства эканамічнага развіцця РФ прапануе лічыць унутраным турызмам, а гомельская чыгунка атрымала загад дэмантаваць надпісы на зразумелай усяму свету англійскай мове ці беларускай лацінцы і замяніць на надпісы па-руску і па-беларуску.

Фота з rw.by

Фота з rw.by

Як заявіў міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Рашэтнікаў, ягонае ведамства прапрацоўвае магчымасць увядзення нулявога ПДВ на туры паміж дзвюма краінамі, адмены абавязковых выплат у рэзервовы фонд расійскімі турагенцтвамі, стварэнне адзінага турысцкага цэнтра. Да таго ж з 2024 года пачне дзейнічаць пагадненне паміж РБ і РФ аб узаемным прызнанні віз. Гэта значыць, што калі асоба з нейкай іншай краіны атрымала расійскую візу, то па ёй мае права знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі.

Плануецца, што гэтыя меры будуць спрыяць развіццю турыстычнай сферы, зазначае «Штодзень».

Ці павялічыцца колькасць тых, хто паедзе ў Беларусь на адпачынак, невядома (заканадаўчыя змены не вырашаюць праблему адсутнасці ў нашай краіне добрай турыстычнай інфраструктуры і рэпутацыі непрадказальнага, з-за спецыфічнага палітычнага рэжыму, месца), а рызыка небяспекі ўзрастае. Бескантрольнае перамяшчэнне паміж краінамі — добрая рэч, калі межы ўсіх краін аднолькава добра ахоўваюцца, а візы выдаюцца кантралявана.

Да таго ж любая калабарацыя паміж дзяржавамі — добрая справа, калі ўсё робіцца на ўзаемавыгадных умовах і не нясе небяспекі паглынання адной краінай іншай. У выпадку з Расіяй, якая стагоддзямі праводзіць імперскую палітыку татальнага падпарадкавання, любое збліжэнне — рызыкоўнае, лічыць гомельскае выданне.

Турызм — адна з самых перспектыўных галін эканомікі. Але развіццё турызму павінна ісці не праз сумнеўныя супрацоўніцтвы, а ў першую чаргу праз стварэнне камфорных для гасцей умоў. Напрыклад, для жыхароў краін, якія не адносяцца да постсавецкай зоны, наяўнасць шыльд з лацінскімі, а не кірылічнымі літарамі — прынцыповая рэч.

Між тым, як стала вядома «Штодню», гомельская чыгунка атрымала загад дэмантаваць паўсюль надпісы на зразумелай усяму свету англійскай мове ці беларускай лацінцы і замяніць на надпісы па-руску і па-беларуску.

Гэта не толькі пагоршыць турыстычны імідж рэгіёну, але і, з вялікай долей верагоднасці, прывядзе да марнавання бюджэтных грошай. Адначасовая замена ўсіх шыльд вымагае вялікіх сродкаў, якіх, пасля пандэміі, санкцый і вайны, у беларускай чыгункі вобмаль. Значыцца, там, дзе маглі б зарабіць, беларусы, наадварот, будуць вымушаныя выдаткоўваць грошы з бюджэту.

Глядзіце таксама