Студэнту БДУІР Дзмітрыю Мазуру прысудзілі новыя 15 сутак
Агулам Дзмітрый Мазура асуджаны на 38 дзён арышту, паведамляе Радыё Свабода.
Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся новы суд над студэнтам БДУІР Дзмітрыем Мазурам. За што яго судзілі гэтым разам — невядома, але прысуды тычацца «ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях» і «непадпарадкавання міліцыі». Па выніку пасяджэння яму дадалі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Студэнта інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР Дзмітрыя Мазуру затрымалі 25 верасня невядомыя, якія запхнулі яго ў машыну каля 4-га корпуса ўніверсітэта. 28 верасня студэнта асудзілі на 23 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
«На наш погляд, гэта спосаб запалохаць студэнтаў. Маўляў, не рыпайцеся, або праведзяце месяцы за кратамі. Але выпадак Дзімы — адзінкавы: ён сядзіць за ўсіх нас. Гэта трэба разумець і быць бязмежна салідарнымі з ім. А нас — не запалохаць і не спыніць», — пракаментавалі новы прысуд у тэлеграм-канале «Студэнцкая ініцыятыўная група».