Суд над Мікалаем Дзядком працягнецца 3 лістапада — праз амаль 4 месяцы перапынку

Суд над анархістам Мікалаем Дзядком працягнецца праз амаль чатыры месяцы пасля перапынку на псіхалінгвістычную экспертызу.

dzidok_u_sudze_800x400.jpg

Судовы працэс над анархістам Мікалаем Дзядком працягнецца 3 лістапада а 10:00 у Мінскім гарадскім судзе — праз амаль чатыры месяцы пасля абвяшчэння перапынку на правядзенне псіхалінгвістычнай экспертызы. Пра гэта распавёў «Медыязоне» бацька актывіста Аляксандр Дзядок.

6 ліпеня суддзя Анастасія Папко прызначыла правядзенне псіхалінгвістычнай экспертызы, на якую адправілі каля 20 пастоў з тэлеграм-канала Мікалая Дзядка.

Анархіста абвінавачваюць па трох артыкулах: у «закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі» (частка 3 артыкула 361 КК), ва «ўдзеле ў грубым парушэнні парадку» (частка 1 артыкула 342 КК), «незаконных дзеяннях у дачыненні да гаручых рэчываў» (частка 1 артыкула 295-3).

Паводле версіі следства, 23 жніўня ў Мінску Дзядок удзельнічаў у акцыі пратэсту, дзе «аказаў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням» міліцыянтаў, выходзіў на дарогу, блакаваў рух транспарту, гучна пляскаў і выкрыкваў лозунгі.

Таксама абвінавачванне лічыць, што анархіст некалькі гадоў адміністраваў «радыкальны тэлеграм-канал», дзе з мэтай заклікаць да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі «шляхам уздзеяння на свядомасць людзей праз інтэрнэт» распаўсюджваў матэрыялы, «накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму».

Падчас ператрусу ў Дзядка на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці сілавікі выявілі і канфіскавалі не менш за тры «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі». Паводле абвінавачвання, анархіст не паспеў скончыць выраб выбуховых прадметаў, паколькі «не паспеў забяспечыць іх прыстасаваннем, які забяспечвае ўзгаранне”.

У судзе Дзядок не прызнаў віну паводле ўсіх артыкулаў абвінавачвання і распавёў, што пры затрыманні яго катавалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.