Еўрапарламент падаў на Еўракамісію ў Еўрапейскі суд

Еўрапарламент падаў у Еўрапейскі суд на Еўракамісію за тое, што тая не актывавала рэгламент аб пакаранні за парушэнні вяршэнства закона ў дзяржавах, якія ўваходзяць у Еўрасаюз. Пра гэта заявіў старшыня Еўрапарламента Давід Сасолі, піша «Deutsche Welle».

Давід Сасолі

Давід Сасолі


Механізм вяршэнства закона ЕС быў ухвалены ўдзельнікамі саміта ў снежні 2020 года, уступіў у сілу, але да гэтага часу не ўжываўся. Ён прадугледжвае, што Еўракамісія можа скарачаць выдачу сродкаў з сумеснага бюджэту тым краінам, у якіх існуе пагроза нямэтавага выкарыстання грошай з-за парушэнняў вяршэнства закона. Польшча і Вугоршчына, баючыся, што новы рэгламент можа быць ужыты супраць іх, у сваю чаргу падалі пазовы супраць механізму вяршэнства права ў Еўрапейскі суд. Рашэнне чакаецца праз некалькі месяцаў, і да таго Еўракамісія вырашыла не спяшацца з яго прымяненнем.
Паводле слоў Сасолі, Еўрапарламент чакае, што Еўракамісія будзе дзейнічаць паслядоўна і ўвасобіць у жыццё Заявы яе кіраўніцы Урсулы фон дэр Ляен, якая прыгразіла Польшчы санкцыямі, калі тая будзе настойваць на вяршэнстве нацыянальных законаў над заканадаўствам Еўрасаюза. «За словамі павінны ісці справы», — заявіў старшыня парламента.