Судзяць дудара Змітра Шыманскага за тое, што адзін раз зайграў на маршы пратэсту
28 кастрычніка ў судзе Заводскага раёна Мінска (Партызанскі праспект, 75а) пачаўся працэс над палітычным зняволеным Змітром Шыманскім. Музыку затрымалі сёлета 2 жніўня разам з удзельнікамі гурта «Irdorath», піша «Свабода».
Творцу абвінавацілі паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Паводле слоў яго адваката, у справе адзін эпізод — гранне на дудзе падчас маршу 16 жніўня 2020 года ў Мінску.
28 кастрычніка ў судзе зачыталі абвінавачанне, двойчы паглядзелі відэа жнівеньскага маршу. У выніку працэс прыпынілі, бо з’явіўся прадстаўнік прадпрыемства «Мінсктранс» з пазовам на 6 тысяч рублёў за «блакаванне руху». Але аказалася, што, па-першае, указалі не той час (10-я раніцы), па-другое, гэтую суму ўжо спагналі з іншага ўдзельніка акцыі. Пракурорка папрасіла перапынак, каб параіцца з начальствам.
Працяг суду чакаецца ў другой палове дня 29 кастрычніка.
Паводле сведак, Зміцер Шыманскі трымаецца годна, фізічна выглядае нармальна. Гаворыць няшмат, у асноўным толькі адказвае на пытанні. Быў вельмі рады пабачыць у фае два дзясяткі чалавек, якія прыйшлі яго падтрымаць. Праўда, залю далі мінімальную, каб запусціць толькі восем чалавек.
Змітра Шыманскага схапілі 2 жніўня разам з іншымі музыкамі падчас святкавання Дня нараджэння ўдзельніцы гурта «Irdorath» Надзеі Калач.
Чатырох затрыманых аштрафавалі на сумы ад 870 да 1160 рублёў, іншых пакінулі за кратамі паводле крымінальнага артыкула. Пакуль Шыманскі сядзеў за кратамі, 21 верасня ў яго кватэры адбыўся ператрус.
Прэс-служба МУС пазней паведаміла, што спецаперацыя з удзелам узброеных байцоў атрада хуткага рэагавання была арганізаваная ў сувязі з удзелам музыкаў у леташніх акцыях пратэсту. Маўляў, «група дудароў неаднаразова ўзначальвала калону пратэстоўцаў, чым залучала ў несанкцыянаванае масавае шэсце грамадзян».
Праваабаронцы прызналі Змітра Шыманскага палітычным вязнем.