Суд па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі пачнецца 15 верасня

Як стала вядома «Нашай Ніве», сведкаў па справе выклікаюць у суд на 15 верасня. Пасяджэнне адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля.

_5262795463160083512_120.jpg

Апроч Леаніда Судаленкі, абвінавачанымі па справе праходзяць яго памочніца Таццяна Ласіца і праваабаронца Марыя Тарасенка. Іх абвінавачваюць па ч.1, 2 арт. 342 КК (арганізацыя і фінансаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Леанід Судаленка перадаваў у лістах, за што яго будуць судзіць:

эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям, і ў якіх потым бацьку асудзілі за ўдзел у масавых беспарадках;

відэа, дзе праваабаронца каментуе блогеру пратэсты, што праходзяць у краіне;

заклік у сацсетках сустрэць жанчыну, якую вызвалялі пасля 15 сутак арышту;

семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;

аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня ў Гомелі. Гэта вядомы праваабаронца, юрыст, кіраўнік гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён таксама з'яўляецца актыўным змагаром за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Леанід Судаленка — лаўрэат прэміі Французскай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека «Свабода, роўнасць, братэрства» 2018 года.