Суд за сарваную маску з сілавіка не адбыўся. Дзяўчыну абвясцілі ў вышук

Сёння ў Ленінскім судзе Мінска мусілі судзіць Юлію Лушчэўскую. Дзяўчыну абвінавачваюць у тым, што яна 11 верасня сарвала маску з супрацоўніка АМАПа каля будынка Мінаблсуда. Аднак суд перанеслі на нявызначаны час — месцазнаходжанне Юліі Лушчаўскай невядомае. Верагодна, дзяўчына з'ехала з Беларусі. Суд абвясціў мінчанку ў вышук.

Затрыманне Юліі Лушчэўскайкаля Мінскага абласнога суда 11 верасня. Скрыншот з відэа

Затрыманне Юліі Лушчэўскайкаля Мінскага абласнога суда 11 верасня. Скрыншот з відэа


Нагадаем, 11 верасня мінчанка Юлія разам з іншымі людзьмі прыйшла да будынку суда падтрымаць прадстаўнікоў страйкавага "Беларуськалія". Кіраўніцтва прадпрыемства патрабавала прызнаць страйк незаконным. Прыехалі сілавікі і пачалі затрымліваць людзей проста перад судом. Пры затрыманні Юлія сарвала з сілавіка маску. Інцыдэнт трапіў на відэа. Суддзя Ленінскага суда Марына Запаснік аштрафавала Юлію за гэты выпадак па двух артыкулах КаАП: 23.34 і 23.4 на 50 базавых велічынь (1350 рублёў). Аднак пазней стала вядома, што на дзяўчыну распачалі яшчэ і крымінальную справу па артыкулу 364 Крымінальнага кодэкса — гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Юліі Лушчэўскай абралі меру стрымання — падпіска аб нявыездзе.
12 лістапада дзяўчына ў суд не з'явілася. Як паведамляе праваабаронца «Вясны» Аляксей Лойка, які ажыццяўляў маніторынг судовага працэсу, у судзе прымалася рашэнне аб магчымасці разгляду крымінальнай справы ў адсутнасць Лушчэўскай. Дзяржабвінаваўца Аляксандр Рамановіч заявіў, што суд неабходна адкласці да высвятлення месца знаходжання абвінавачанай.
Суддзя Таццяна Шоцік пастанавіла абвясціць Юлію Лушчаўскую ў вышук. Таксама яна прыняла рашэнне змяніць меру стрымання з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай. Гэта значыць, што пры затрыманні Лушчэўскую павінны адразу змясціць у СІЗА-1 і апавясціць суд.
spring96.org