Судовыя выканаўцы зноў спрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей

Днём 4 жніўня судовыя выканаўцы другі раз спрабавалі патрапіць у сталічную кватэру юрысткі Тамары Сяргей

zanczyny_pravakacyja_9_logo.jpg

.
Як распавяла НЧ праваабаронца, днём 4 жніўня каля 12.15 тры судовыя выканаўцы аддзелу прымусовага выканання Савецкага раёна Мінска пазванілі ў кватэру праваабаронцы, але яна не пусціла іх далей парога. Падчас размовы, якая адбылася на лесвічнай пляцоўцы, высветлілася, што судовыя выканаўцы на чале з Юляй Краўчанка жадаюць зрабіць агляд кватэры, каб высветліць матэрыяльны стан спадарыні Тамары. У якасці падставы для агляду была названая вялікая сума штрафу (840 рублёў), якую павінна заплаціць юрыстка ў фонд дзяржавы.
Пры гэтым судовыя выканаўцы зазначылі, што грошы пажадана атрымаць не па частках, а адразу, калі даўжнік валодае каштоўнымі рэчамі. “А раптам у кватэры ёсць залаты ўнітаз, а вы хочаце штраф плаціць па частках”, — заявілі судовыя выканаўцы. На што пачулі ў адказ: “Наконт залатога ўнітазу вам трэба звярнуцца ў Дразды. У мяне яго няма”. Трэба адзначыць, што размову з праваабаронцай судовыя выканаўцы запісвалі на дыктафон.  
Нагадаем, што першы раз судовыя выканаўцы паспрабавалі патрапіць у жытло Тамары Сяргей 27 ліпеня, аднак юрыстка дзверы кватэры не адчыніла.
24 чэрвеня суддзя Мінскага гарадскога суду Валер Камісараў падтрымаў рашэнне суддзі суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Вікторыі Шабуні, якая 20 траўня аштрафавала на 40 базавых велічынь (840 руб.) актывістку Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, юрыстку Тамару Сяргей.
Яна пакараная штрафам за арганізацыю і ўдзел у недазволеным пікетаванні, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды ладзілі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны дзеля таго, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў.  
За ўдзел у двух пікетаваннях на гэты конт (31 сакавіка і 12 мая) на плошчы Свабоды апроч Тамары Сяргей аштрафаваныя бабруйчане Любоў Санкевіч, муж і жонка Аляксандр і Валянціна Каваленкі, а таксама мінчанка 77-гадовая Камелія Чарняўская і жыхар райцэнтру Крупкі Мінскай вобласці, 78-гадовы інвалід-ардэнаносец, ветэран працы Барыс Бабок. Агулам за два пікеты гэтыя пенсіянеры аштрафаваныя на 150 базавых велічынь — 3 150 рублёў ці 1575 долараў ЗША.