Шукаюць грошы на новы самалёт. Прэс-сакратар Лукашэнкі пра ягоны авіяпарк
Прыватны бізнес-самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ «не мае ніякага дачынення да прэзідэнта». Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант.

Паводле тэлеграм-канала Nexta, у Лукашэнкі з’явіўся прыватны бізнес-джэт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ. Са спасылкай на крыніцы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» NEXTA сцвярджае, што новы самалёт упершыню прыбыў у Мінск яшчэ ў другой палове верасня. Самалёт купіла прыватная аўстрыйская кампанія і перагнала яго ў Менск.
Свой пакуль адзіны рэйс гэты самалёт з колерамі дзяржаўнага сцяга зрабіў у Варшаву. Кошт бізнес-самалёта, паводле каталога, складае $61,5 мільёна, піша тэлеграм-канал.
«Ні асабістых, ні прыватных самалётаў у прэзідэнта Беларусі ніколі не было, няма і цяпер. І, хутчэй за ўсё, не будзе — зыходзячы з той цаны, якую вы назвалі», — сказала Наталля Эйсмант.
Колькі ж самалётаў налічваецца ў авіяцыйным парку Аляксандра Лукашэнкі?

Борт кіраўніка Беларусі ў аэрапорце сталіцы Кыргызстану, 2016 год
«Што тычыцца дзяржаўнага самалёта, якім цяпер карыстаецца падчас замежных візітаў кіраўнік дзяржавы, магу вас паінфармаваць: ён даўно выпрацаваў свой рэсурс, тэрміны эксплуатацыі выйшлі. І сёння якраз стаіць пытанне, дзе знайсці сродкі на набыццё новага дзяржаўнага самалёта. Але грошай на гэтыя мэты пакуль няма, хоць і прапановы ад авіякампаній паступалі.
І, дарэчы, яшчэ пра самалёт, які цяпер выкарыстоўваецца. Нагадаю, што на момант куплі ён ужо быў “былым у эксплуатацыі”. Яго куплялі ў прэзідэнта Туркменістана за паўцаны», — сказала Наталля Эйсмант.
У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта карэспандэнту Свабоды сказалі, што не маюць інфармацыі пра самалёт Gulfstream G550 з бартавым нумарам EW-001PJ і параілі звярнуцца ў прэзідэнцкую прэс-службу.
На чым лятаў Лукашэнка?
Самалёт, якім карыстаецца Лукашэнка ў замежных паездках, — Воeing 767, куплены ў Туркменістане 7 гадоў таму. Ён належаў былому прэзідэнту гэтай краіны Сапармурату Ніязаву. Гэтай машыне ўжо 14 гадоў.
А вось верталёту, якім дагэтуль Аляксандр Лукашэнка карыстаўся найчасцей, ужо 23 гады — гэта верталёт Мі-172 (мадэрнізаваны Мі-8АМТ) з бартавым нумарам EW-002DA. Гэты верталёт быў адмыслова выраблены на Казанскім верталётным заводзе (Расія), 20 гадоў таму ягоны кошт быў каля 4 мільёнаў долараў.

Верталёт Мі-172 з Аляксандрам Лукашэнкам на борце ля месца правядзення вайсковых вучэнняў «Захад-2017» у Барысава. 20 верасня 2017 года
Таксама Аляксандр Лукашэнка падчас свайго кіравання
карыстаўся верталётам Мі-8 з бартавым нумарам EW-001DA і Мі-8 з бартавым
нумарам EW-25049. Дарэчы, калі італьянскі верталёт AW139 пройдзе рэгістрацыю,
ягоны нумар таксама будзе пачынацца на EW — гэта авіяцыйны код Беларусі.
Да самалёта Boeing 767 Аляксандр Лукашэнка карыстаўся больш сціплай мадэллю — Boeing 737, а яшчэ раней — савецкім самалётам Ту-154 у VIP-кампаноўцы, які быў куплены новым у 1995 годзе. Гэты самалёт выстаўлялі на продаж.