Тамара Сяргей не здолела пакараць МУС
Уступіла ў законную сілу адмова на заяву юрысткі Тамары Сяргей ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы на неправамерныя дзеянні Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь.
Сваёй пастановай ад 21 ліпеня калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуда ў складзе Аляксея Бычко, Алены Крук і Іны Яблакавай (старшыня) падтрымала вызначэнне суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска Івана Майсейчыка ад 19 мая.
Сваю адмову суддзя Іван Майсейчык матываваў тым, што іскавая заява праваабаронцы не падведамасная разгляду ў судзе.
У скарзе ў Мінскі гарадскі суд на пастанову Івана Майсейчыка Тамара Сяргей звярнула ўвагу на наступнае.
Для таго, каб ёй адмовіць, Іван Майсейчык прымяніў норму права, якая не мае адносінаў да просьбаў, выкладзеных у скарзе. “Больш таго, суддзя перакруціў факты, пададзеныя ў маёй скарзе. Дзеянні Івана Майсейчыка я расцэньваю як доказы яго поўнай залежнасці ад выканаўчай улады. Пры гэтым суддзя ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці за непрыкрытае парушэнне закону”, — падкрэсліла юрыстка.
Нагадаем, што 6 лістапада 2015 года, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, юрыстка была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска падчас сустрэчы з актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі. Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных справаў (АУС) на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванню грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала ў гэтай жанчыны 300 долараў ЗША.
У сувязі з гэтымі дзеяннямі, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі, Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу і Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.
Вынікам праверкі гэтых скаргаў стала выснова, што (на мове арыгіналу — М.Г.) “нарушений законодательства в действиях сотрудников Минского ОВД на транспорте, а также в действиях Тарасовой Т.Н. не установлено”.
Засталіся безвыніковымі і ўсе спробы юрысткі атрымаць адказы на свае пытанні наконт затрымання. А пасля таго, як жанчыну прыняў намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Мельчанка, з ёй было спынена ліставанне і адмоўлена ў сустрэчы з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам.
У сваёй заяве ад 12 мая ў суд Цэнтральнага раёна Мінска Тамара Сяргей прасіла суд абавязаць МУС правесці праверку законнасці яе затрымання Сяргеям Гаркавым і Сяргеям Махначом, адказаць на пытанні, а таксама абавязаць Міністэрства ўнтураных справаў пазнаёміць яе з матэрыяламі праверкі па заяве грамадзянкі Тарасавай.
У каментары НЧ юрыстка заявіла, што згодна заканадаўству Мінгарсуд “павінен быў праверыць доказы маёй скаргі і падставы для адмовы суддзі Івана Майсейчыка”. “Аднак суд гэтага не зрабіў і аўтаматычна падтрымаў суддзю Івана Майсейчыка. Такія дзеянні суддзяў Аляксея Бычко, Алены Крук і Іны Яблакавай сведчаць пра тое, што яны проста выканалі загад наконт маёй справы, як раней гэта зрабіў Іван Майсейчык”, — сказала Тамара Сяргей.