МУС спыніла ліставанне з юрысткай Тамарай Сяргей, абвінавачанай у рабаванні
Міністэрства ўнутраных спраў спыніла ліставанне з актывісткай Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Тамарай Сяргей, абвінавачанай у рабаванні.
Нагадаем, што 6 лістапада 2015 году ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі жанчына была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска пад час сустрэчы з актывістамі ініцыятывы. Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных спраў (АУС) на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванню грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей скрала ў яе 300 долараў ЗША.
Юрыстку абшукалі, яе апытаў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, капітан Мікалай Жылін. На жанчыну склалі пратакол затрымання, а затым пасля ўсіх адпаведных працэдураў і чатырох гадзінаў у пастарунку была вынесеная пастанова аб вызваленні.
Згодна Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, цягам 10 дзён павінна было вырашыцца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да юрысткі, альбо ў адмове ва ўзбуджэнні гэтай справы. Аднак аніякай пастановы наконт такіх захадаў спадарыня Тамара не атрымала да гэтуль. У сувязі з дзеяннямі супрацоўнікаў Мінскага АУС на транспарце, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі, Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу і Генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.
Тамара Сяргей: я звярнулася ў МУС і Генпракуратуру наконт правакацыі супраць мяне
Але гэтыя скаргі юрысткі ў выніку апынуліся ў тым самым Мінскім АУС на транспарце, на супрацоўнікаў якога паскардзілася праваабаронца. У выніку такой праверкі міліцыянты прыйшлі да высновы, што “нарушений законодательства в действиях сотрудников Минского ОВД на транспорте, а также в действиях Тарасовой Т.Н. не установлено”.
Тры месяцы міліцыя адмаўляе ў інфармацыі юрыстцы Тамары Сяргей, абвінавачанай у рабаванні
Як зазначыла Тамара Сяргей, засталіся безвыніковымі ўсе яе далейшыя спробы атрымаць адказы на свае шматлікія пытанні наконт затрымання. А пасля таго, як жанчыну прыняў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка, з ёй было спынена ліставанне і адмоўлена ў сустрэчы з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам.
У гэтай сітуацыі юрыстка збіраецца абскарджваць дзеянні кіраўніцтва МУС у судзе. “Я вымушана гэта рабіць, таму што кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў не дало ацэнкі правакацыйным дзеянням супраць мяне.Таму я лічу, што супраць мяне могуць быць ужытыя яшчэ больш вытанчаныя правакацыі”, — падкрэсліла праваабаронца.