Тэлеграм-канал «Беларускі партызан» прызнаны экстрэмісцкім і будзе выдалены

Судом Чыгуначнага раёна Гомеля па матэрыялах 8-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Беларускі партызан» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

belpartisan_16111411.png


Рэдакцыя сайта «Беларускі партызан» прыняла рашэнне выдаліць тэлеграм-канал. «Мы не ведаем прычын, мы не разумеем, у чым экстрэмізм аб'ектыўнай інфармацыі пра жыццё ў краіне, але мы не хочам падстаўляць людзей. Паколькі падпіска на тэлеграм-каналы, у якіх знайшлі экстрэмісцкую інфармацыю, цягне пакаранне», — тлумачыцца ў рэдакцыйным паведамленні.

«Але гэта не азначае, што мы спыняем працу», — адзначае рэдакцыя.

Сайт «Беларускі партызан» быў створаны Паўлам Шараметам і некалькімі незалежнымі журналістамі з Беларусі ў 2005 годзе, у той момант, калі беларускія ўлады заблакавалі практычна ўсе незалежныя газеты. Задача «Беларускага партызана» — максімальна дакладна і поўна расказаць людзям пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.