«Тут мы адчуваем сябе шчаслівымі»
Яшчэ адзін дом для сезоннага сумеснага самастойнага пражывання сталых людзей адчыніўся ў Беларусі. На гэты раз — у аграгарадку Грозаў Капыльскага раёна.

Урачыстае адкрыццё ўстановы адбылося 16 лістапада. Гэтая падзея стала магчымай у выніку ажыццяўлення мясцовай ініцыятывы «Дом надзеі» ў межах праекту «Садзейнічанне ўстойліваму развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. З беларускага боку агульнарэспубліканскім партнёрам праекту з’яўляецца Міністэрства эканомікі.

Партнёрамі ў рэалізацыі ініцыятывы «Дом надзеі» выступілі Капыльская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», ТАА «Капыльскі Энергасэрвіс».


Па выніках конкурсу мясцовых ініцыятыў праект «Дом надзеі» дзяржаўнай установы «Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» стаў пераможцам і атрымаў фінансавую падтрымку з боку Еўрапейскага Саюза — каля 19 тысяч долараў, фінансаванне з беларускага боку, у сваю чаргу, склала каля 11 тысяч долараў. На сродкі Еўрасаюза і беларускіх спонсараў быў зроблены якасны рамонт будынка пустуючага дзіцячага сада, набыты бытавая тэхніка, мэбля і іншае неабходнае абсталяванне — створаны цывілізаваныя ўмовы для сезоннага пражывання самотных сталых людзей.


20 лістапада ў Грозаўскім доме сумеснага пражывання ўжо знаходзіліся тры жанчыны. Дырэктар Капыльскага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання Святлана Маліноўская ў гэты дзень выглядала гасціннай гаспадыняй — чакала на засяленне яшчэ адну бабулю.
Для таго, каб напісаць пра жыхароў дома і ўмовы іх пражывання, карэспандэнтам трэба атрымаць дазвол ад намесніка старшыні райвыканкама па ідэалогіі. Аднак, пасля беспаспяховай спробы звязацца з райвыканкамам, Святлана Маліноўская дазволіла карэспандэнту НЧ выканаць сваю працу.


Кіраўнік цэнтру правяла па трох утульных жылых пакоях і патлумачыла назву ініцыятывы «Дом надзеі».
— Хацелася б, каб у людзей, якія на схіле жыццёвых дзён засталіся ў адзіноце, з’явілася надзея на лепшае, каб яны ў гэтым доме маглі атрымаць эмацыйную і псіхалагічную падтрымку і матывацыю для далейшага паўнавартаснага жыцця, — гаворыць Святлана Станіславаўна. — Меркавалася, што ў «Доме надзеі» будуць створаны спрыяльныя бытавыя і псіхалагічныя ўмовы для пражывання, самотныя пажылыя людзі змогуць весці актыўны лад жыцця і атрымліваць неабходны комплекс сацыяльных паслуг, кансультатыўную медыцынскую дапамогу спецыялістаў, быць удзельнікамі культурных мерапрыемстваў.

Дырэктар цэнтру распавяла, што ідэя ініцыятывы закранула душы многіх сацыяльных работнікаў і валанцёраў. Некаторыя рамонтныя работы былі выкананы імі бясплатна — каб зэканоміць сродкі на якасныя душавую кабіну і абсталяванне.

Мяркуецца, што пенсіянеры самі распараджаюцца сваімі грашыма і аплачваюць толькі камунальныя паслугі. Таксама яны могуць карыстацца паслугамі сацыяльных работнікаў па набыццю ўсяго неабходнага ў крамах, ацяпленню і падтрыманню дома ў чысціні.
Запланавана і праца гурткоў па інтарэсах. У дзень адкрыцця для перасяленцаў была зладжана канцэртная праграма, якая прыўзняла іх настрой.
Па словах Святланы Маліноўскай, пераважнае права для падпісання адмысловай дамовы маюць грамадзяне, якія пражываюць у Капыльскім раёне і не маюць блізкіх родзічаў. Тры бабулі, якія пасяліліся ў доме на зіму для сумеснага пражывання, пакуль што падпісалі дамову на год. Пры жаданні, яны могуць скасаваць дамову. У летні час пажылыя жанчыны збіраюцца пажыць у сваіх дамах, і на гэты час запланавана пасяліць людзей з інваліднасцю з мэтай іхняй сацыялізацыі і адаптацыі для самастойнага жыцця. Дзеля гэтага створаныя ўмовы для ўтульнага безбар’ернага асяроддзя.
Спальны пакой разлічаны на трох чалавек, але ў крытычным выпадку магчыма падсяленне яшчэ аднаго — на нядоўгі тэрмін.

Леанідзе Аляксандраўне Загароўскай — 83 гады. Усё жыццё пражыла ў невялічкай лясной вёсцы Садкі ў шасці кіламетрах ад Грозава. Працавала даяркай. Жыццё так распарадзілася, што не мае дзяцей. Леаніда Аляксандраўнагаворыць на прыгожай і чыстай беларускай мове. Высветлілася, што яна нават піша вершы на беларускай мове — пра лес, вецер, прыроду і прыродныя стыхіі. Улетку адна з такіх стыхій ледзьве не разбурыла яе хатку — пахіліла сцяну і пахістала вокны.
— Людзей у нашай лясной вёсцы зімой жыве ўжо нямнога, — распавяла пра свае вясковыя ўмовы пражывання жанчына. — Улетку дык трохі ёсць, з кім на лаўцы пасядзець да пагутарыць. А ўзімку бывае так, што ніводнага чалавека ўдзень не пабачыш. Брат мой, які жыве ў Мінску, вельмі настойваў на тым, каб я пайшла жыць з іншымі людзьмі на зіму. Вельмі цяжка і складана зімаваць адной.
— Мне тут вельмі падабаецца, — працягвае расповед пенсіянерка. — Тут ёсць усе выгоды, пра якія жыхарам нашых вёсак можна толькі марыць. Пакой вялікі і ўтульны, падзелены на дзве зоны: спальню і зону адпачынку. Не хочаш ляжаць — пасядзі на мяккай канапе. Ёсць і адмысловая зала для адпачынку з тэлевізарам…
Па словах Леаніды Аляксандраўны, персанал па сацыяльным абслугоўванні клапатлівы і добразычлівы. Яна стала пачуваць сябе шчаслівым чалавекам.

Зінаіда Фёдараўна, якой пайшоў 77-мы год, таксама паскардзілася, што на яе вуліцы ў вёсцы Пятрылава не бачна людзей. Гэтая жанчына таксама перажыла жахлівае гора — спачатку памерлі яе двое дзяцей, муж і яшчэ адзін сын сканалі ў гэтым годзе з невялікім інтэрвалам. У адрозненне ад жвавай Леаніды Аляксандраўны, перамяшчаецца яна з цяжкасцю. Сацыяльны цэнтр узяў для яе ў пракаце адмысловыя хадункі. Нягледзячы на цяжкае захворванне, жанчына дома яшчэ трымала агарод, які нават сама даглядала.

Бабулькі напяклі смачных пульхных блінцоў, і нават пачаставалі карэспандэнта і сацыяльных работнікаў.
Кожны сталы чалавек — гэта адначасова і асоба з вялікім жыццёвым вопытам, са сваімі памкненнямі, своеасаблівым тэмпераментам і звычкамі. Але многія людзі, якія перажылі гора і знаходзяцца ў адзіноце ў сталым узросце, схільны заўважаць і бяду іншых людзей, і добрыя адносіны. Магчыма, такія ўтульныя дамы для сумеснага пражывання адзінокіх людзей — яшчэ адзін шанец адчуць сябе шчаслівымі людзьмі.