У Беларусі назвалі птушку 2022 года – 10 фактаў пра яе

Птушкай наступнага года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка — белая сініца (рус. – белая лазоревка) – невялікая прыгожая пеўчая птушка, якая жыве ў нас толькі на Палессі. Менавіта за яе кандыдатуру прагаласавалі сябры АПБ. Яна змяніла леляка – птушку 2021 года.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка


Да гэтага яна перамагла ў “птушыных праймерыз” — анлайн-галасаванні, у якім мог удзельнічаць любы чалавек. Так яна стала адной з трох кандыдатак на званне птушкі года, астатнімі былі скапа і звычайная туркаўка.
У лютым падчас штогадовага З’езду АПБ прадстаўнікі груп падтрымкі кожнай птушкі-кандыдата правялі агітацыйныя выступы, паказалі прэзентацыі пра сваіх абранніц і прывялі аргументацыю, каб пераканаць сябраў АПБ прагаласаваць менавіта за “сваю” птушку.
Пасля З’езду ўсім сябрам арганізацыі былі разасланыя бюлетэні з пячаткай, які яны запаўнялі і адсылалі назад. Фармат “паштовага” галасавання быў выкарыстаны ўпершыню. “Яўка” выбаршчыкаў парадавала – прагаласавала 643 чалавекі. Белая сініца перамагла з вялікім адрывам.

Што ж гэта за птушка? 10 фактаў пра яе

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка


1. Белая сініца мае яшчэ адну назву – князёк, сапраўдны князёк сярод сініц! Гэта адзін з сямі відаў сініцавых у Беларусі.
2. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.
3. Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.
4. Гняздуе ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
5. Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.
6. Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал – корміць самачку.
7. У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны — хаваюцца.
8. Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі – штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!
9. Узімку яе можна пабачыць у густых зарасніках трыснягу па поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак казурак. Узімку можа есці і насенне.
10. Белая сініца — адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.


Відэа Дзмітрыя Якубовіча
Нацыянальную кампанію “Птушка года” АПБ праводзіць з 2000 года, каб прыцягнуць увагу людзей да дзікіх птушак Беларусі іх праблемаў і неабходнасці захавання тых месцаў, дзе яны жывуць.
Павел Пінчук, арнітолаг нацыянальнага парку “Прыпяцкі”:
Асноўныя пагрозы для белай сініцы – меліярацыя пойм палескіх рэк і забалочаных лясоў, веснавыя палы ў поймах. Яшчэ адна з пагроз – недахоп месцаў гнездавання праз вырубку старых дрэў, акрамя таго, шмат птушанят гіне ў гнёздах, якія недастаткова абаронены ад драпежнікаў (у першую чаргу ў вёсках – ад катоў). Выраб адмысловых сінічнікаў мог бы дапамагчы ў павелічэнні папуляцыі птушкі 2022 года. Акрамя таго, біялогія гэтага скрытнага віду кепска даследавана ў Беларусі, як і ва ўсім арэале. Кальцаванне дапаможа атрымаць больш інфармацыі пра перамяшчэнні белых сініц.

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Цягам года арнітолагі будуць адлоўліваць і пазначаць белых сініц каляровымі кольцамі. Паназіраць за працэсам кальцавання можна будзе ў Тураве на першай у Беларусі станцыі кальцавання. Глядзі ўважліва на ногі сустрэтых князькоў – ці няма там кольца? — і фатаграфуй іх!
Каб удакладніць трэнды беларускай папуляцыі князькоў, у Палессі АПБ плануе правесці адмысловыя ўлікі ў месцах іх гнездавання і закласці маршруты для будучага маніторынгу. Магчыма, атрымаецца даць новую ацэнку колькасці віду ў краіне.
Узімку ў межах кампаніі з дапамогай леснікоў і школьнікаў плануецца зрабіць і развесіць сотні дамкоў для белай сініцы на Палессі. Ляток у такіх дамках павінен быць 28 мм – далучайся! Вясной спецыялісты і аматары-птушкары правераць, хто пасяліўся ў гэтых сінічніках.
Каб нават з Аўстраліі кожны мог паназіраць за нашымі князькамі, АПБ паспрабуе зладзіць анлайн-трансляцыю з кармушкі ў Палессі, куды яны могуць прылятаць паласавацца семечкамі сланечніка. Калі жывеш недалёка ад поймы Прыпяці — пастаў кармушку, і князькі прыляцяць і да цябе!

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Белая сініца. Фота Андрэя Шэўчыка

Даведка: У мінулыя гады сімваламі Беларусі былі: белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, звычайная зязюля, вушатая сава, жаўрук-смяцюх, шчыгел, вялікі арлец, глушэц. 2021 год праходзіць пад крыламі леляка.
ptushki.org