У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» партал Саюза палякаў

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інтэрнэт-партал непрызнанага ўладамі Саюза палякаў (znadniemna.pl). Адпаведнае рашэнне прыняў Ленінскі раённы суд Гродна яшчэ 30 снежня 2021-га.

okladla_kalendarz_1536x946.jpg


Партал пісаў пра гісторыю, культуру, адукацыю, згадваў пра палітвязняў — Анджэя Пачобута і Анжаліку Борыс. Пачобут і Борыс знаходзяцца за кратамі ў Мінску з вясны 2021 года. Іх абвінавачваюць у «распальванні нацыянальнай варожасці», піша Еўрарадыё.

Таксама былі прызнаныя экстрэмісцкімі тэлеграм-каналы «Армия с народом» і «КГБ с народом». Рашэнне аб тэлеграм-каналах прыняў Кастрычніцкі суд Віцебску 27 снежня.

Нагадаем, што летась у траўні вынеслі прысуды фігурантам справы тэлеграм-канала «Армия с народом». Тады суддзя Сяргей Епіхаў прысудзіў:

Антаніне Канавалавай — 5,5 года калоніі агульнага рэжыму;

Сяргею Ярашэвічу — 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Сяргею Коршуну, Яўгену Прывалаву — 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

Сяргею Спарышу — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.