У Беларусі створаць Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы
Ён з'явіцца пры Адміністрацыі прэзідэнта. Адпаведнае распараджэнне сёння падпісаў Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.
Паведамляецца, што савет стане «пастаянна дзеючым міжведамасным кансультацыйным і каардынуючым органам па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы гістарычнай памяці».
У яго склад увойдуць вядомыя вучоныя ў галіне гуманітарных ведаў, аўтарытэтныя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржорганаў і арганізацый. Яны будуць працаваць на грамадскіх пачатках.
Як адзначаецца, ключавую ролю ў рабоце савета будзе выконваць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, на якую ўскладзена арганізацыйнае, экспертна-аналітычнае і навукова-метадычнае забеспячэнне яго дзейнасці.
У кампетэнцыі рады будуць наступныя пытанні:
- вызначэнне стратэгіі і задач гістарычнай палітыкі, распрацоўка падыходаў і мер па яе рэалізацыі;
- каардынацыя дзейнасці дзяржорганаў і іншых арганізацый у сферы гістарычнай палітыкі і кантроль за выкананнем рашэнняў савета;
- падрыхтоўка ў рамках кампетэнцыі праектаў нарматыўных прававых актаў і заключэнняў;
- вывучэнне і маніторынг грамадскай думкі па сацыяльна-гуманітарных пытаннях.
Таксама савету нададуць права ініцыяваць прысваенне найменняў геаграфічным аб'ектам і іх перайменаванне, увекавечваць памяць загінуўшых воінаў, вядомых асоб, каардынаваць выдавецкую дзейнасць, у тым ліку даваць рэкамендацыі па прадухіленні і спыненні парушэнняў у галіне захавання гістарычнай памяці.