У Беларусі заўважылі новы для нашай краіны від птушак

УНаваградскім раёне група бёрдвочараў адзначыла шэрага жаўрука, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Назіранне новага для краіны віду зрабілі Наталля Капорыкава, Юры Шашэнька і Генадзь Ардзюк.

szery_zauruk_fota_jury_szaszenka.jpg


— Мы вырашылі з’ездзіць на поўдзень Налібоцкай пушчы ў Наваградскі раён паслухаць пугача, — расказвае сябра АПБ Генадзь Ардзюк. — Не даязджаючы метраў 300 да лесу на палявой дарозе з-пад машыны выпырхнула дробная птушачка — ледзь не наехалі на яе! Яна праляцела крыху наперад і метраў праз 20 прызямлілася. Мы спыніліся, адразу не зразумелі, хто гэта — звычайна ў такі час жаўрукоў няма. Было каля пяці гадзін вечара, пачынала сутонець. Спачатку падумалі — можа, стрынатка? Паглядзелі ў біноклі — не, не стрынатка. Снежны падарожнік? Не. Пачалі фатаграфаваць, каб разабрацца, што за птушка. З дапамогай вызначальніка высветлілі, што гэта шэры жаўрук, які раней у Беларусі не рэгістраваўся.
Жаўрук стаяў перад машынай і дзве-тры хвіліны карміўся, не зважаючы на людзей. Таму атрымалася зрабіць некалькі неблагіх фота. Пасля птушка збегла пешкі ў поле.
Шэры жаўрук — паўднёвы від, найбліжэйшыя ад нас гняздуюцца ў азоўскіх і саратаўскіх стэпах. Гэта адзін з самых маленькіх па памеры жаўрукоў. Дагэтуль у Беларусі рэгістраваліся чатыры віды жаўрукоў — рагаты, палявы, баравы і жаўрук-смяцюх, з іх першы прылятае толькі ўзімку, а астатнія гняздуюць у нас.
Шэры жаўрук летась упершыню быў зарэгістраваны ў Польшчы, пакуль гэта адзіная рэгістрацыя там. Сёлета была адна рэгістрацыя ў Літве. Нядаўна адзначаўся ў Фінляндыі.
Шэры жаўрук стане 336-м відам у Спісе птушак Беларусі пасля зацвярджэння Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй.
Нагадаем, што зусім нядаўна на Гарадзеншчыне Юры Шашэнька, Дзяніс Кіцель, Вольга Лукшыц і Дзмітры Вінчэўскі зарэгістравалі яшчэ адзін новы для Беларусі від — бурую пячураўку з Сібіры.
На сённяшні дзень у Спісе птушак Беларусі 332 віды, зацвярджэння чакаюць таксама палярная чайка і стрынатка-рэмез.
Прэс-рэліз