У характарыстыках выпускнікоў пазначаюць стаўленне да ўлады — сярод маральных якасцяў
У гэтым годзе ўступная кампанія праходзіць па новых правілах. Цяпер пры паступленні абітурыентам спатрэбіцца не толькі атэстат, сертыфікаты ЦЭ і ЦТ, але і характарыстыка.
У характарыстыцы, як аказалася, прапісалі не толькі якасці і ўменні чалавека, але і яго стаўленне да палітыкі дзяржавы. «Люстэрка» прыводзіць вытрымкі з такіх дакументаў.
З 12 выпускнікоў, якіх апыталі журналісты, адзін адказаў, што характарыстыку ім пакуль не выдавалі. Па словах суразмоўцы, у яго школе сказалі, што дакумент падрыхтуюць па запыце.
Другая выпускніца з Віцебскай вобласці адзначыла:
— У нас, наколькі я ведаю, пра стаўленне да палітыкі пісалі не ўсім. Затое ўсім пазначылі такія якасці, як сфарміраваны на высокім узроўні навык здаровага ладу жыцця.
У характарыстыках астатніх суразмоўцаў стаўленне выпускніка да палітыкі пазначылі. Усюды яно, лічы, аднолькава. Вось некалькі прыкладаў фармулёвак (фота дакументаў ёсць у рэдакцыі «Люстэрка»):
- «З павагай ставіцца да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», — пазначана ў графе «маральныя якасці» выпускніка з Гомельскай вобласці;
- «Валодае такімі якасцямі, як шчырасць, прыстойнасць, добразычлівасць. Праяўляе тактоўнасць і талерантнасць да іншых <...>. Паважліва ставіцца да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу, займае актыўную грамадзянскую пазіцыю», — вынікае з характарыстыкі выпускніцы адной са школ Мінска;
- «Адказная, добразычлівая, спагадная, прыстойная, негатыўнага і адмоўнага стаўлення да дзяржаўных інстытутаў і канстытуцыйнага ладу не выяўляе», — гаворыцца ў пункце «маральныя якасці» пра адну з выпускніц з Мінска.
— Ці паўплывае характарыстыка на паступленне, я не ведаю. Магчыма, яе ўлічаць пры роўнай колькасці балаў, — адзначыла мама адной з мінскіх абітурыентак.
Нагадаем, у кастрычніку з'явілася інфармацыя, што за характарыстыку школьнікам будуць выстаўляць балы. Максімум 50. Аднак пазней стала вядома, што дакумент ацэньваць не збіраюцца. Па словах міністра адукацыі Андрэя Іванца, характарыстыка патрэбная, каб ва ўніверсітэтах бачылі, ці займаўся ў школе абітурыент творчасцю, спортам, ці ўдзельнічаў у працы грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў.
— У любым выпадку, кожны першакурснік, які прыходзіць ва ўніверсітэт, так ці інакш праходзіць адпаведную дыягностыку, тэставанне. А ў даным выпадку мы зробім так, каб ужо да 1 верасня ВНУ ведаў і бачыў свайго студэнта-першакурсніка, — сказаў міністр.
Як пісаў «НЧ», пра новыя правілы прыёму ў беларускія ВНУ і перспектывы айчыннай адукацыі прафесарка Таццяна Шчытцова. Яна адзначыла ў пачатку 2023 года, што цяперашнія навацыі, якія датычацца правіл паступлення ў ВНУ, — «абсалютна паслядоўны і прадказальны крок» беларускай улады. Яна прыгадвае, што яшчэ ў снежні Лукашэнка падпісваў указ датычна падтрымкі таленавітай моладзі — «там ішла размова пра тое, што падтрымліваць будуць толькі тых, хто не ўдзельнічаў ні ў якіх пратэсных акцыях, не выказваў публічна сваёй нязгоды і іншадумства, інакш могуць пазбавіць грантаў ці ўвогуле запатрабаваць вярнуць іх. Ужо тады стала відавочна, што прыярытэтам з’яўляюцца не таленты, не інтэлектуальныя здольнасці, а адпаведнасць поглядаў дзеючаму рэжыму, лаяльнасць да яго. Вось гэта зараз асноўны крытэрый».