У Марфы Рабковай і яшчэ васьмі палітвязняў з’явіліся еўрапейскія «хросныя»

Яшчэ дзевяць дэпутатаў парламентаў еўрапейскіх краінаў далучыліся да кампаніі праваабарончай арганізацыі Libereco #WeStandBYyou. У межах ініцыятывы беларускімі вязнямі будуць апекавацца «хросныя» з Германіі, Аўстрыі і Нідэрландаў. Сярод новых імёнаў — праваабаронца Марфа Рабкова.

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы «Альянс 90/Зялёныя» ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы «Альянс 90/Зялёныя» ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер


Усяго на дадзены момант удзельнікамі кампаніі салідарнасці з'яўляюцца 65 дэпутатаў, перадае sрring96.org.

Намесніца кіраўніка парламенцкай групы «Альянс 90/Зялёныя» ў нямецкім Бундэстагу Агнешка Бругер стала «хроснай» каардынатаркі Валанцёрскай службы «Вясны» Марфы Рабковай.

«Я вельмі паважаю мужнасць і рашучасць сотняў тысяч людзей у Беларусі, якія выходзяць на вуліцы цягам некалькіх месяцаў, каб змагацца за сваю свабоду. Такія няўрадавыя арганізацыі, як “Вясна”, і такія жанчыны, як Марфа Рабкова, адыгрываюць вырашальную ролю ў арганізацыі мірнага супраціву Лукашэнку. Я заклікаю да іх неадкладнага вызвалення і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі», — сказала яна.

Клаус-Дытэр Гролер, дэпутат Бундэстага ад ХДС, стаў «хросным» пінскага палітзняволенага Рамана Багнаўца. Аляксандр Мюлер, дэпутат Бундэстага ад СвДП, стаў «хросным» палітвязня з Пінска Станіслава Міхайлава. Дэпутатка Бундэстага ад СвДП Віланд Шыненбург падтрымлівае Юрыя Кузьміча з Брэста. Ліза Бадум, дэпутатка Бундэстага ад групы «Альянс 90/Зялёныя», узяла шэфства над Лявонам Халатранам.

Чалец камітэта па замежных справах Еўрапейскага парламента Віёла фон Краман стала «хроснай» Арцёма Касакоўскага, а віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Нікола Бэер стала «хроснай» Ганны Сунгуравай.

Дэпутат нідэрландскага парламента Брам ван Оік будзе апеквацца Даніілам Богнатам, а Прадстаўнік фракцыі «Неос» у Аўстрыйскай Нацыянальнай радзе Хельмут Брандштэтэр стаў «хросным» Мікалая Сасева.