У Мінску і Полацку звольнілі выкладчыкаў, якія падпісвалі звароты за новыя выбары і ў абарону нацыянальнага сцяга

За выказванне грамадзянскай пазіцыі звольнілі выкладчыкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

sixngq7ecxc.jpg


6 красавіка з БНТУ звольнены выкладчык Віктар Іванчанка, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на ўніверсітэцкі тэлеграм-канал. Ад пачатку леташніх пратэстаў ён адкрыта выказваў сваю пазіцыю, падтрымліваў студэнтаў і калег, адбываў адміністрацыйны арышт у СІЗА.

За ўдзел у адным з відэазваротаў быў пазбаўлены надбавак на ўвесь акадэмічны год, што склала 1/3 заробку. Выкладчык паспрабаваў аспрэчыць рашэнне ў камісіі па працоўных спрэчках, аднак бясплённа.

Тады ён падаў у суд на БНТУ. У дзень пачатку працэсу яму не дазволілі зрабіць замену, таму раней пайшоў з заняткаў. Вымова стала прычынай для звальнення.

«Адзін з нямногіх выкладчыкаў, хто сапраўды разбіраецца ў прадмеце і дае актуальную інфармацыю. Віктар Віктаравіч працуе ў EPAM і вядзе там курсы. Ён даваў студэнтам той матэрыял, які ім сапраўды спатрэбіцца», — характарызуюць выкладчыка студэнты.

Гэта першае звальненне ў БНТУ з палітычных матываў. Да таго нязгодныя выкладчыкі пісалі заявы «з уласнага жадання».

Тым часам з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта звольнілі доктара гістарычных навук, этнографа Уладзіміра Лобача.

Навуковец адпрацаваў 27 гадоў на гісторыка-філалагічным факультэце — ад моманту яго стварэння ў Полацку. Уладзімір Лобач — адзін з падпісантаў калектыўнай заявы ў абарону бела-чырвона-белага сцяга.

Загад аб звальненні падпісаў новы рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алег Раманаў. Ён прызначаны на пасаду менш за месяц таму.