У Беларусі пабіты абсалютны тэмпературны максімум восені за ўвесь перыяд метэаназіранняў
Новы тэмпературны максімум восені за ўвесь перыяд метэаназіранняў зафіксаваны ў Беларусі 1 верасня.
У Жыткавічах (Гомельская вобласць) слупок тэрмометра падняўся
да адзнакі 35,6 градуса цяпла. Гэта на 1,9 градуса вышэй за рэкорд, зафіксаваны 8 верасня 2008 года ў Лельчыцах (Гомельская вобласць), і на 3,5 градуса вышэй за ранейшы рэкорд дня (1
верасня 1992 года на метэастанцыі "Палеская" ў Брэсцкай вобласці). У саміх Жыткавічах рэкорд дня складаў 30,4 градуса (у 1992 годзе), восені — 32,6 (7 і 8 верасня
2008 года).
У Мінску паветра прагрэлася да 31 градуса пры першапачатковым
прагнозе 27—29 і ўдакладненым — каля 30. Тут таксама абноўлены рэкорд дня і ўсёй восені (і тое, і іншае — 1 верасня 1992 года, 30,3
градуса).
У Брэсце новы максімум 1 верасня і ўсёй восені складае 34,4 градуса (было 31,5 градуса 1 верасня 1992 года і 7 верасня 2008 года).
У Гродне новы рэкорд дня і восені склаў 34,2 градуса
(было 32 градусы 1 верасня 1992 года і 32,2 градуса 3 верасня 1961 года).
У Гомелі пабіты рэкорд дня — 30,7 градуса (было 29,7 у 2004 годзе).
Між тым на поўначы Віцебскай вобласці ў аўторак было значна
халадней. У Езярышчы тэмпература не паднялася вышэй за 16,7 градуса, у Віцебску — вышэй за 20. У гэтым рэгіёне прайшлі дажджы рознай інтэнсіўнасці. У Верхнядзвінску выпала 13 мм
ападкаў (21% месячнай нормы), у Полацку — 11 мм (16%), у абласным цэнтры — 9 мм (14%).
2 верасня на большай частцы тэрыторыі краіны максімальная тэмпература паветра дасягне 30—34 градусаў, па поўдні да 35. Дажджы, месцамі з навальніцамі, пройдуць пераважна па паўночна-заходняй палове.
Паводле: БЕЛАПАН