У Слуцку мясцовыя камунальнікі аніяк не могуць прывесці ў парадак вуліцу Якуба Коласа

Пасля звароту жыхара Слуцка Уладзіміра Крывальцэвіча ў ДАІ інспектары Слуцкага аддзялення ДАІ абавязалі жыллёва-камунальную гаспадарку прыбраць з вуліцы Якуба Коласа камяні, засыпаць ямы і прывесці вышыню люка насупраць яго хаты ў адпаведнасць стандартам. Прынамсі так напісана на паперы, аднак у рэальнасці ўсё выглядае інакш.



luki2.jpg

Напомнім, што згодна стандартам, вышыня адхілення люка адносна ўзроўню дарожнага пакрыцця не павінна перавышаць 2 сантыметры. На вуліцы Якуба Коласа люк узвышаўся над ўзроўнем да 12 сантыметраў і ствараў пагрозу для дарожнага руху транспарту і пешаходаў. Да таго ж на вуліцы безліч камянёў, шчодра пасыпаных камунальнікамі замест асфальту. Слуцакі прыпынілі бессэнсоўную перапіску з камунальнікамі і звярнуліся ў міліцыю.
Адразу па прыездзе інспектара ДАІ ў жыхароў яшчэ была надзея на вырашэнне сітуацыі з дарогай, аднак цяпер спадарыня Ірына Крывальцэвіч не хавае сваёй разгубленасці:
— Я ўжо не ведаю, ці плакаць нам, ці смяяцца ад такога нахабства камунальнікаў, —гаворыць жанчына. — Пасля звароту мужа ў ДАІ і наведвання інспектара праз некалькі дзён на вуліцу прыехала мноства тэхнікі. Я налічыла ажно 6 чалавек, якія вывучалі праблему з люкам. Пра нешта пагаварылі, з’ехалі. Пасля прывезлі пяску і засыпалі краі люка. Камяні з вуліцы не прыбралі, у ямы сыпанулі дзе-нідзе, вуліца па-ранейшаму ўся рытвінах і ямінах. Да таго ж па вуліцы ездзіць шмат грузавых аўтамашын, якія вельмі хутка зрушылі незамацаваную крышку люка. Люк глядзельнага калодзежа фактычна ператварыўся ў смяротна небяспечную пастку, у якую лёгка можа ўваліцца кожны.
Яе суседка, жанчына сталага веку, Ніна Дваранчук, абазначыла люк вялізным камянём, каб хтосьці выпадкова не праваліўся ў бездань.
— Я чула размовы рабочых ЖКГ паміж сабой,  — абураецца жанчына. — Яны гаварылі пра тое, што крышка не падыходзіць да гэтага люка, заміналі вушкі. Дык адзін з іх загадаў зрэзаць гэтыя вушкі. Пасля гэтага паверхня люка ўсё роўна дрэнна зачыняецца і яе лёгка пасунуць коламі транспартау. А пешы чалавек, калі наступіць на край, можа праваліцца ў гэты калодзеж. За такую работу трэба паадбіваць рукі, а не выплочваць зарплату. 
Нагадаем, пад зваротам датычна добраўпарадкавання вуліцы Якуба Коласа падпісалася 240 мясцовых жыхароў, аднак, як відаць, чыноўнікі не збіраюцца вырашаць гэтую праблему.