Улады баяцца «простых людзей»
Намеснік дырэктара Дэпартаменту ветэрынарнага кантролю Мінсельгасхарча Беларусі Аляксандр Куцко падчас сустрэчы 8 жніўня з прадстаўніком гаспадароў-фермераў Пружанскага раёна Міхасём Новікавым адмовіўся раскрыць план дзеянняў уладаў па барацьбе з афрыканскай чумой свінняў.
Паводле яго словаў, гэта дзяржаўная таямніца. Што ў гэтым можа быць таямнічага чыноўнік сказаць не змог.
Гутарка адбылася пасля круглага стала па праблеме АЧС, які быў ініцыяваны арпгакамітэтам па стварэнні партыі БХД. Па выніках яго ў Мінсельгасхарч быў перададзены зварот, у якім
патрабуецца правядзенне «Прамой лініі» міністра сельскай гаспадаркі на тэлебачанні, каб людзі маглі задаць яму свае пытанні, а таксама
празрыстасць дзеянняў уладаў падчас барацьбы з АЧС, рынкавая кампенсацыя сялянскім і фермерскім гаспадаркам за знішчанае пагалоўе свінняў, а таксама пакаранне вінаватых у тым, што праблема АЧС набыла
такія маштабы.
Аляксандр Куцко таксама паведаміў, што ўлады працягнуць знішчаць свіное пагалоўе ў прыватных гаспадарках, каб гарантаваць бяспеку свінакомплексаў. Паводле яго словаў, у прыватных гаспадарках
складаней кантраляваць эпідэміялагічную сітуацыю, у той час як свінакомплексы прыносяць грошы ў бюджэт. З заўвагай, што менавіта на свінакомплексах часцей і болей паміраюць свінні, ён не пагадзіўся.
Чыноўнік таксама заявіў, што ўлады не будуць пераносіць свінакомплексы, пабудаваныя насуперак санітарным нормам заблізка да сялянскіх гаспадарак, бо гэта вельмі дорага і шмат грошаў у іх ужо
ўкладзена.
Апроч таго, Аляксандр Куцко заявіў, што кампенсацыя, якую дзяржава выплочвае сялянам за знішчаных свінняў, вельмі добрая. На заўвагу, што гэта ў некалькі разоў менш за тое, што маглі б атрымаць
сяляне за незабітых свінняў, ён не прарэагаваў.
У сваю чаргу, Міхась Новікаў у інтэрв’ю прэс-службе БХД заявіў, што з паводзінаў Аляксандра Куцко было бачна, што ўлады баяцца «простых людзей». «Толькі масавы народны супраціў можа на іх паўплываць. Трэба на гэта абапірацца», — сказаў ён.