Уладзімір Някляеў: Праблемы Беларусі ў самым канцы спісу
На сёлетні Дзень Волі згадваецца цэлы шэраг круглых датаў: 10-годдзе Плошчы-2006, 20-годдзе “Менскае вясны”, 30 год Чарнобыльскай катастрофе і гэтак далей. Паэт і палітык Уладзімір Някляеў рыхтуецца справіць уласны юбілей —70 год.
Хаця смерць была ўжо зусім побач. У гутарцы з нашым карэспандэнтам Стасем Дадэркам “жывы клясік” распавёў сярод іншага, як стаў сведкам тэракту ў Бруселі.
Уладзімір Някляеў: Я не адразу зразумеў, калі выйшаў з метро і за спінай бабахнула, што гэта тэрарыстычны акт. Мала што можа здарыцца ў вялікім горадзе, у тым жа метро. Ну
цягнік мог з рэяк сыйсці, ці нешта там упасці. Але калі ўдарыла хваля выбуховая, запахла нечым страшнаватым. Праўда, я зноў жа не падумаў, што гэта тэрарыстычны акт і не кінуўся назад у метро, а
зрэшты не стану геройстваваць і казаць, што калі б я гэта зразумеў, то я б кінуўся. Наўрад ці, бо часцей за ўсё за адным выбухам бывае другі.
РР: А людзі як зрэагавалі вакол вас?
Уладзімір Някляеў: Людзі, як людзі, — у бакі. Так скажам, хуткім крокам разышліся. Зрэшты яны і ішлі не павольна, бо гэта вялікі горад, да таго ж у метро, а з метро
людзі звычайна шпарка выходзяць. Я апынуўся там, бо гэта найбліжэйшая станцыя да Еўрапарламенту. А гатэль, у якім я пасяліўся, як раз на гэтай лініі, там два прыпынкі. Я выйшаў, каб паспець на
сустрэчу на 9.30, гэта значыць, недзе а палове на дзявятую. І недзе а 9-й гадзіне праехаў гэтыя станцыі. Там працяглы час я з квітком затрымаўся, бо не меў дробязі для аўтамата. І дарэчы, калі б не
дзяўчынка, якая мне дапамагла, не дала гэтыя 2 еўры, то можа я, шукаючы, дзе можна размяняць банкноту на манеты, і трапіў як раз у той цягнік.
РР: Гэтае здарэнне паўплывала на тую рыторыку, з якой вы хацелі выступіць?
Уладзімір Някляеў: Калі я падыйшоў да Парламенту і дазнаўся, можа пра 5-10 хвілін, што гэта ўсё-такі быў тэракт і там загінулі людзі, канешне, займеў псіхалагічны шок, зрэшты як
і ўсе, хто дазнаваўся пра гэты трагічны выпадак, бо Брусель вельмі спакойны горад. Там ніхто не чакаў, што тэрарызм да яго дабярэцца ў самае сэрца і пакажа, на што ён здольны. Дык вось, псіхалагічна,
атмасфера, якая панавала на паседжанні рабойчай групы па Беларусі ў Еўрапарламенце, неяк не адпавядала маім намерам, і не толькі маім, да абвастрэння пытанняў, да жорскіх дыскусіяў, бо ў параўнанні з
крывёю, ахвярамі, беларуская праблема, ва ўсіх яе выявах, адразу зменшылася ў маштабе.
І першае, што я падумаў, калі так для мяне, для беларуса, які заклапочаны гэтымі праблемамі, які днём і ўночы думае, як вырашыць іх, дык для людзей там у Амерыцы ці ў той жа Еўропе, воддаль ад
усяго, што тут адбываецца, тым больш гэта выглядае ўсё другасным. І таму, у параўнанні з Сірыяй, з той жа Украінай, з іншымі напружанымі кропкамі ў свеце, тое, што адбываецца ў Беларусі, можна
разглядаць у самым канцы спісу. Вось мы і ў самым канцы спісу.
РР: На чарзе круглая дата ў паэта Уладзіміра Някляева. Як вы самі збіраецеся святкаваць гэтую дату, можа які падарунак увогуле патрэбны да такога дня народзінаў?
Уладзімір Някляеў: Адзін мой знаёмы, які да гэтай пары, ну калі не ў самой уладзе, дык пры ёй, тэлефанаваў мне, мы сустрэліся, і вось тое самае пытаецца. Можа быць ордэн?
(смяецца) Апладысменты, кветкі. Я ніяк гэтым не заклапочаны. Увесь гэты афіцыёз мяне цяпер ужо ніяк не кранае. Не скажу што, так заўсёды было. Але цяпер — ніяк. Усе гэтыя дзяжурныя прамовы,
скураныя тэчкі, гэтыя ўказы і дэкрэты.
Паводле "Радыё Рацыя"