Валдас Адамкус: «Дурная спроба адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду»
Колішні прэзідэнт Літвы 94-гадовы Валдас Адамкус назваў абсурдам падазрэнні беларускай пракуратуры ў яго датычнасці да «генацыду беларусаў».
Старшы пракурор упраўлення Генпракуратуры Беларусі Эдуард Скурат заявіў, што Валдас Адамкус, нібыта, быў даручэнцам Антанаса Імпулявічуса, які камандаваў падпарадкаванаму СС батальёнам дапаможнай паліцыі. Гэтае падраздзяленне ў гады Другой сусветнай вайны ажыццяўляла карныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі.
«Гэта абсурд. Я нават не ведаю, што такія арганізацыі наогул існавалі. Паняцця не маю, што яны рабілі і хто гэтыя людзі. Упершыню чую», — сказаў палітык у камэнтары агенцтву BNS, перадае Радыё Свабода.
Ён таксама назваў дзеянні беларускай Генпракуратуры «дурной спробай адцягнуць увагу ад барацьбы беларусаў за свабоду».
«Думаю, што гэта ніяк не жаданне нешта высветліць, а проста фармальная правакацыя, каб уцягнуць больш людзей у іх унутраныя праблемы», — сказаў былы прэзідэнт Літвы.
Генеральная пракуратура Беларусі папрасіла літоўскіх калегаў дапытаць Валдаса Адамкуса як сведку ў справе аб генацыдзе беларускага насельніцтва ў гады вайны. Следства правярае, ці ўдзельнічаў ён у карнай дзейнасці батальёну Антанаса Імпулявічуса.
Генпракуратура Літвы пацвердзіла, што атрымала ад Беларусі ліст аб прававой дапамозе. Там удакладнілі, што гэта просьбы агульнага характару, ніякіх канкрэтных дадзеных у запыце няма.
Валдасу Адамкусу 94 гады, ён двойчы займаў пасаду прэзідэнта Літвы: цягам 1998-2003 i ў 2004-2009 гадах.