Павал Латушка падаў заяву супраць Лукашэнкі ў пракуратуру Польшчы

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павал Латушка падаў заяву ў пракуратуру ў Варшаве. У заяве гаворыцца пра пагрозы фізічнай расправы і падрыхтоўкі акта міжнароднага тэрарызму.

e2316fa5_f69d_4bb1_8be8_2c8b53d61cd8_cx0_cy18_cw0_w1023_r1_s.jpg


«Усе рэпрэсіі рэжыму супраць беларусаў і замежных грамадзян па-за прававым полем. Вядома не толькі пра пагрозы, але і пра падрыхтоўку рэальных дзеянняў, аж да фізічнай ліквідацыі, накіраваных супраць дэмакратычных сіл за межамі Беларусі. Мая заява — сімвалічная, якую я падаю, каб абараніць усіх беларусаў, якіх пераследуюць за мяжой», — цытуе словы Латушкі «Радыё Свабода» са спасылкай на яго тэлеграм-канал.

У заяве палітык інфармуе пракуратуру Польшчы пра пагрозы фізічнай ліквідацыі і планаваныя злачынствы з боку Лукашэнкі, Мікалая Карпянкова, Івана Церцеля, Рыгора Азаронка, Алега Гайдукевіча і іншых чыноўнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ.

«Яшчэ адна мэта — папярэдзіць усіх, хто плануе злачынныя дзеянні супраць грамадзян Беларусі, што іх дзеянні не застануцца без прававых наступстваў: яны будуць пераследавацца па законах розных дзяржаў і ў розных дзяржавах свету», — паведамляе прэс-служба Латушкі.