Віцебскія бібліятэкі cэканомілі на чытачах "БелГазеты", "Нашай Нівы" і "Народнай волі"
У Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна адмовіліся ад падпіскі на гэтыя выданні на 2014 год. Бібліятэкаркі кажуць, што гэта загад аблвыканкама — абласнога ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі. Прынамсі, так яны тлумачаць сітуацыю незадаволеным наведнікам, якія пытаюцца, куды падзеліся газеты.
Карэспандэнт сайта "Народныя Навіны Віцебска" спытаўся ў дырэктара абласной бібліятэкі Аляксандра Сёмкіна, чаму вырашана адмовіцца ад падпіскі. І атрымаў адказ, што "размова ідзе пра простае скарачэнне бюджэтнага фінансавання", але, "калі рэдакцыі самі стануць дасылаць свежыя нумары, “ніхто іх выкідаць не будзе”.
Тым не менш, паводле звестак "ННВ", на 2014 год абласная бібліятэка выпісала больш найменняў перыядычных выданняў, чым было ў 2013 годзе. А чытачы сайта паведамляюць, што такая самая сітуацыя і ў іншых бібліятэках горада: прыкладам, у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Горкага таксама не выпісалі на 2014 год ні “БелГазету”, ні “Народную волю”, ні “Нашу Ніву”. Усё гэта дае падставы меркаваць, што эканомія сродкаў ва ўмовах скарачэння фінансавання — зусім не асноўная прычына адмовы ад падпіскі на незалежныя выданні.
У каментарах чытачы "Народных Навін Віцебска" выказваюць меркаванні, што такім чынам парушаецца права на атрыманне інфармацыі з незаангажаваных СМІ. Таксама спрачаюцца, ці ёсць паратункам інтэрнэт: маўляў, усе гэтыя выданні маюць уласныя сайты. Аднак варта адзначыць, што аматараў папяровых газет у Віцебску нямала: у аддзелах перыядычных выданняў і беларускай літаратуры заўжды ёсць наведнікі.