Вось дык праява. Улады заблакавалі сайт, які лічыў статыстыку тэлеграм-каналаў
Мінінфарм заблакаваў TGStat — сайт для адсочвання статыстыкі тэлеграм-каналаў. Гэта заўважыла «М*дыязона».
Сайт TGStat цяпер заблакаваны ўладамі ў Беларусі. Сервіс для
адсочвання статыстыкі і рэйтынгу тэлеграм-каналаў даступны толькі праз VPN.
Інтэрнэт-старонка дазваляе даведацца статыстыку сваіх і чужых тэлеграм-каналаў, лічыць розныя паказчыкі (аўдыторыю, цытаванасць і чытальнасць матэрыялаў і іншыя).
Нагадаем, што 13 снежня стала вядома пра блакіроўку ў Беларусі платформы «Патрэон». Гэты сайт выкарыстоўваецца рознымі людзьмі і ініцыятывамі для збору данатаў.
А ўвогуле ў выніку падзей 2020 года рэжым Лукашэнкі заблакаваў безліч самых розных рэсурсаў, уключна з парталамі вядучых незалежных медыя. Але калі хаця б сэнс мінулых блакіровак можна было зразумець — лукашэнкаўцы пайшлі ў крыжовы паход супраць любога іншадумства, то навошта «баніць» цалкам статыстычны сервіс — загадка.