За напад на міліцыянтаў у Верхнядзвінску затрыманаму пагражае смяротнае пакаранне

Верхнядзвінскі аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу за «замах на забойства супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», паведамляе «Свабода».

Хлопец са Смаргоні, які ўзяў на сябе адказнасць за напад

Хлопец са Смаргоні, які ўзяў на сябе адказнасць за напад


Артыкул 362 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. Затрыманаму, якога падазраюць у нападзе, ужо споўнілася 18 гадоў. Адносна яго прызначаная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.

Следчыя выявілі, што нападнік у ноч на 1 студзеня спачатку «дзейнічаў з хуліганскіх памкненняў і груба парушаў грамадскі парадак» блізу Верхнядзвінскага аддзялення Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных справаў. Дзяжурны паведаміў пра гэта ў міліцыю.

У час затрымання хлопец «аказаў супраціў і нанёс нажавыя раненні двум супрацоўнікам органаў унутраных справаў, якія прыбылі на выклік». Цяпер жыццю пацярпелых нічога не пагражае.

На тэрыторыі аддзялення следчыя знайшлі дзве шкляныя тары з вадкасцю, што пахла як гаруча-змазачныя матэрыялы — іх туды кінуў нападнік. Раней у сацсетках паведамлялася, нібы хлопец кінуў у будынак «кактэйль Молатава», але пра пажар у аддзяленні не паведамлялася.