Сталічная міліцыя за пяць дзён да мітынгу супраць інтэграцыі склала на актывіста пратакол
Гомельскі актывіст руху «За Свабоду» Барыс Анікееў атрымаў поштай адміністрацыйны пратакол, складзены сталічнай міліцыяй за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Міліцыя абвінаваціла яго ва ўдзеле ў акцыі 20 снежня. Прычым пратакол складзены за пяць дзён да мітынгу — 15 снежня, паведамляе «Свабода».

«Можна гаварыць аб прарочых здольнасцях сталічнай міліцыі. 15 снежня я не ведаў, ці паеду ў Мінск 20-га на акцыю — а на мяне ўжо загадзя склалі пратакол», — паведаміў «Свабодзе» Барыс Анікееў.
Пратакол склаў намеснік начальніка аддзелу правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі Ленінскага РУУС Мінску падпалкоўнік Мікалай Ермалінскі. У дакуменце, датаваным 15 снежня, зазначана, што Барыс Анікееў 20 снежня «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!», «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам».

Актывіст руху «За Свабоду» сапраўды прымаў удзел у акцыях супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. За ўдзел у акцыі 7 снежня яго мелі судзіць 30 снежня, але ў суд не з’явіўся сведка, і пасяджэнне перанеслі. Будуць судзіць актывіста і за ўдзел у акцыі 20 снежня, паводле складзенага загадзя «прарочага» пратаколу. Дата суду пакуль не вядомая.