За фатаздымкі на фоне графіці — пад суд
Журналісты сфатаграфаваліся на фоне будынку, дзе на сцяне намалявана, як папяровыя птушкі вылятаюць з клетак. Фотаздымкі былі размешчаныя ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» на старонках некаторых журналістаў. Цяпер іх выклікаюць у Чыгуначны РАУС і складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
18 лістапада прадстаўнік Чыгуначнага райаддзелу міліцы Аляксандар Рыбакоў патэлефанаваў сябру ГА БАЖ Змітру Казакевічу. Адразу ж паведаміў, што гаворка пойдзе пра ўдзел у несанкцыянаванай акцыі,
кажа журналіст.
Паводле спадара Казакевіча, акцыяй міліцыянт лічыць «фотасесію» некалькіх чалавек на фоне будынку былога раённага дому культуры, які цяпер зачынены на рэстаўрацыю. Журналісту
было сказана, што фатаздымкі былі прыватнай справай, пакуль пра іх не напісалі на інтэрнэт-сайтах. А раз напісалі, то гэта ўжо акцыя. Зміцер Казакевіч запярэчыў: на ягоную думку, ён проста
фотаграфаваўся на фоне гарадскога краявіду і не можа несці адказнасць за чужыя інтэрпрэтацыі свайго ўчынку.
На Змітра Казакевіча склалі пратакол аб правапарушэнні паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 як на ўдзельніка несанкцыянаванай акцыі. У міліцыі яму паведамілі і дату суду — 28
лістапада.
У той самы дзень на суд выклікаюць і Алену Шабуню, актывістку аргкамітэту па стварэнні партыі БХД. Яна далучылася да фотасесіі ўвогуле выпадкова — праходзіла міма і ўбачыла знаёмых,
якія фатаграфаваліся. І ў думках не было, што гэта можа быць расцэнена як нейкая акцыя, кажа спадарыня:
«Я дужа здзівілася, калі мне патэлефанавалі з РАУСу, што выклікаюць. Як? Чаго? Што я зрабіла? І калі патлумачылі, то проста смех разабраў. Гэта ж з якой нагоды выклікаюць, замест таго
каб міліцыі займацца сур’ёзнымі справамі, змагацца з правапарушальнікамі, зніжаць узровень злачыннасьці ў Віцебску... Проста смех нейкі! Я магу сфатаграфавацца дзе заўгодна і з кім заўгодна.
Фатаграфуюцца ж вяселлі, ці людзі ідуць, ядуць марозіва, упяцёх, разам фатаграфуюцца. Дык гэта што — таксама акцыя, пікет ці мітынг? І калі сёння нельга фатаграфавацца ды выкладаць свае
фотаздымкі ў інтэрнэт, дык што ўжо тады будзе заўтра?»
Па той самай справе тэлефонныя «запрашэнні» атрымалі яшчэ тры чалавекі. Журналіст Кастусь Мардзвінцаў таксама ўжо ведае дату прызначанага над ім суду — 1 снежня.
Супрацоўнік міліцыі паказаў яму раздрукоўкі з сайту ГА БАЖ з артыкулам ад 6 лістапада. Паводле спадара Мардзвінцава, там ні слова няма пра тое, што ў Віцебску журналісты праводзілі
«акцыю». Толькі фатаграфаваліся на фоне графіці з птушкамі, згорнутымі з газет у стылі арыгамі, падкрэслівае спадар Мардзвінцаў:
«Я запытаў у спадара маёра, ці не вінаваты, на ягоную думку, і мастак, які гэта маляваў. На што мне адказалі „Гэта было даўно!“ Значыць, да адказнасці прыцягнуць
няможна. А што да мяне, то пратакол, лічу, складзены несправядліва. Хіба справядліва — расцэньваць фотасесію як пікетаванне?»
Віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяна Севярынец таксама знялася разам са знаёмымі на фоне графіці. 1 снежня яе таксама выклікаюць у суд як удзельніцу
«пікету»:
«Я ў кабінеце спадара Рыбакова так і сказала, што я абражаная такім стаўленнем да групавога фатаграфавання і майго ўдзелу ў гэтай нібыта „акцыі“! Калі ў нас немагчыма
фатаграфавацца там, дзе ты хочаш, і з тымі людзьмі, з якімі табе прыемна, — то гэта гамон! Таму ў мяне ўражанні вельмі непрыемныя, і я напісала, што я нязгодная».
Ніхто з тых, каго на сённяшні дзень выклікалі ў міліцыю па гэтай справе, не пагаджаецца з абвінавачаннем. Усе яны лічаць, што групавыя фотаздымкі не могуць быць доказам удзелу ў масавай акцыі,
як настойвае міліцыя. Дарэчы, ініцыятыва заняцца гэтай справай паходзіла не ад спадара Рыбакова — справу ініцыявалі ў абласной міліцэйскай управе і даслалі ў Чыгуначны райаддзел
распараджэнне «разабрацца» з удзельнікамі фотасэсіі.
Здымкі журналістаў і актывістаў былі апублікаваныя на віцебскай старонцы «Нашы ў горадзе» пад агульнай назвай «Фотасесія на фоне любімага гарадскога
графіці». На гэтай старонцы ў ФБ няма аніякіх матэрыялаў палітычнага зместу — толькі фотаздымкі і артыкулы на тэму гарадскога жыцця Віцебску.
svaboda.org