Вольгу Крапоціну з Гродна аштрафавалі на 4,5 мільёна за ўлёткі «Вярніце Крым!»
Ленінскі суд Горадні прызнаў Вольгу Крапоціну вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак з тэкстам «Верните Крым! Руки прочь от Украины» і «Ганьба здраднікам Радзімы з «трыкалорам» у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!», якія яна клала пад дворнікі аўто з расійскімі нумарамі.
Крапоціну затрымалі 19 верасня ў цэнтры Горадні побач з гатэлем «Нёман». Пры ёй было 17 улётак. Па месцы яе жыхарства правялі ператрус, але болей нічога не знайшлі.
Сёння ў судзе супраць Крапоцінай сведчыў нехта Уладзімір Гарэлаў, індывідуальны прадпрымальнік. Гарэлаў нібыта жыве ў доме, побач з якім стаяла аўта з расійскімі нумарамі, на шкло якога
Крапоціна і паклала ўлётку.
Гарэлаў патлумачыў суду, што ўбачыў гэта з вакна і выбег за Крапоцінай, маўляў, некалькі дзён таму ў яго пытаўся ўчастковы — ці не бачыў ён, хто кладзе гэтыя ўлёткі. А паколькі Гарэлаў,
як ён патлумачыў суду, вельмі шануе ўчастковага, то выбег затрымаць дзяўчыну.
Праўда, у судзе Гарэлаў так і не адказаў на пытанне Крапоцінай — на якой падставе ён утрымліваў яе сілай. Гарэлаў толькі зазначыў, што выбег на дарогу і ўбачыў міліцыянтаў у машыне, з
якімі і затрымаў Крапоціну.
Міліцыянты ў судзе засведчылі, што затрымлівалі Крапоціну. Адзін з іх патлумачыў, што тэкст улёткі, як яму падалося, «апазіцыйнага характару», але ніводзін дакладна так і не
мог узгадаць, што там было напісана. Абодва казалі, што нібыта тэкст быў звязаны з Майданам.
У судзе Крапоціна не адмаўляла, што сама надрукавала ўлёткі ў інтэрнэт-кавярні, паклала іх на шкло машыны і гэтым самым спрабавала данесці да грамадзян інфармацыю пра тое, што адбываецца ва
Украіне. Але яна так і не зразумела, чым яе дзеянні адрозніваліся ад таго, як людзі штодня кладуць на тыя самыя аўта шматлікія рэкламныя матэрыялы.
Суддзя зачытаў ліст з Міністэрства інфармацыі, у якім гаварылася толькі, што ўлёткі носяць масава-палітычны характар, але ацэнкі зместу ўлётак не давалася. Паводле рашэння суду Вольгу Крапоціну
прызналі вінаватай у незаконным вырабе і распаўсюдзе ўлётак. Крапоціна з рашэннем не пагадзілася і заявіла Свабодзе пасля суду:
«Я лічу, што і пратакол складзены на мяне незаконна, і пастанова суда таксама не з'яўляецца законнай, і я буду гэта абскарджваць. Пратакол быў складзены з парушэннем
заканадаўства аб СМІ, а судзілі мяне за распаўсюд улётак, якія не адпавядаюць заканадаўству. І яшчэ, мне прысудзілі болей, чым я ў месяц атрымліваю заробку. Абавязкова буду абскарджваць
рашэнне».
Сёньня ж у Сьвіслачы павінен быў адбыцца суд над мясцовым актывістам Юрыем Глебікам, якога звінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі падчас
традыцыйнага ўшанавання паўстанцаў Каліноўскага. Юры Глебік у суд не пайшоў:
«Што я, блазан, каб там сядзець? Няхай вырашаюць што хочуць, бо яны гэта самі ўсё прыдумалі, то няхай самі і робяць. Я не лічу сябе вінаватым, бо я нікога не пабіў, нічога ні ў кога не
скраў, п’яным нідзе не ляжаў. Каб не было так сумна, то было б смешна, але ўсё ж даволі сумна, што так усё робіцца».
svaboda.org