Здымачная група БелаПАН, фотакарэспандэнт "Нашай нівы" і актывістка "Альтэрнатывы" адпушчаныя

Затрыманыя каля ўнівермага "Беларусь" здымачная група БелаПАН (карэспандэнт Захар Шчарбакоў і відэааператар Андрэй Корсак), фотакарэспандэнт "Нашай нівы" Сяргей Гудзілін і актывістка маладзёжнай арганізацыі "Альтэрнатыва" (Латвія) Вольга Бурневіч адпушчаны на волю. 



kolonia_245.jpg

Ва УУС Партызанскага раёна застаюцца тры ўдзельнікі несанкцыянаванай акцыі з нагоды прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі: Алег Корбан, Дзмітрый Сільчанка і Алег Кераль.

Паводле слоў Шчарбакова, сёння ў 17.00 актывісты арганізацыі збіраліся звесіць з моста каля ўнівермага "Беларусь" тры бел-чырвона-белыя сцягі з нагоды 23-й гадавіны прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце. "Сцягі яны разгарнулі, але павесіць не паспелі. Падбеглі не менш як пяць супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, якія ўсіх затрымалі і правялі ў два мікрааўтобусы", — паведаміў журналіст, зазначыўшы, што гэта адбывалася ў карэктнай форме.


"Мы апынуліся ўдваіх з Гудзіліным, астатнія былі ў другім аўтобусе, — зазначыў карэспандэнт БелаПАН. — Прыкладна паўтары гадзіны мы сядзелі ў аўтобусах каля РУУС, тэлефоны нам сказалі выключыць. Затым правялі ў актавую залу. Са слоў запісалі асабістыя звесткі, у Корсака і Гудзіліна сцерлі ўсе запісы. Корбана, Сільчанку і Кераля павялі ў іншае памяшканне. Хутчэй за ўсё, іх прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. У 19.40 мяне і Бурневіч адпусцілі. Хутка выйшлі Корсак і Гудзілін, якіх правяралі на наяўнасць іншых электронных носьбітаў інфармацыі".

  БелаПАН