Абвешчана журы конкурсу «Заспявай 3.0»

Аргкамітэт конкурсу абвесціў спіс журы, куды ўвайшлі беларускія музыкі, паэты і перакладчыкі.

zasp_1.jpg


Спеўны конкурс у трэці раз праводзяць інтэрнэт-партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» пры інфармацыйнай падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!» і парталу TUT.BY. Сёлета найлепшых назавуць 12 cябраў журы:


– Алег Хаменка (лідар гурта «Палац», выкладчык, вядучы жывых канцэртаў «Заспявай»)
– Лявон Вольскі (музыка, літаратар)
– Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурта TonqiXod)
– Ганна Янкута (перакладчыца, літаратурны крытык)
– Сяргей Пукст (музыка, паэт, выкладчык)
– Віталь Рыжкоў (паэт, музыка)
– Андрэй Хадановіч (паэт, перакладчык)
– Глеб Лабадзенка (мовазнаўца, паэт)
– Сяргей Балахонаў (літаратар, перакладчык)
– Яўген Карпаў (журналіст TUT.BY)
– Сяргей Будкін (Tuzin.fm)
– Павал Бераговіч (фонд «Вяртанне»)


Журы абярэ найлепшых у трох намінацыях. У «Спеўнай паэзіі» удзельнікам конкурсу прапануецца пакласці на музыку верш сучаснага паэта, напісаны ў апошнія 33 гады. Для «Беларускага кавера» — выканаць па-свойму вядомую беларускую песню. А для «Замежнага перакладу» — перакласці на беларускую і выканаць вядомы замежны хіт.


budzma.by__wp_content_uplo_c2f4c8f0470671ab198239f4106ea2c8.jpeg


«Крытэры выбару найлепшых залежаць ад намінацыі. У «Спеўнай паэзіі» для нас будзе найбольш важным як прагучыць абраны верш, наколькі гарманічна ён спалучыцца з музыкай, — кажа сябра журы Алег Хаменка. — У выпадку з беларускім каверам звернем увагу на здольнасць выканаўцы падаць песню па-свойму, а не проста яе пераспяваць адзін у адзін. Ну а ў «Замежным перакладзе» істотную ролю маюць не толькі выканальніцкія здольнасці і ступень прасякнення абраным матэрыялам, але і якасць перакладу».


Да ўдзелу ў «Заспявай 3.0» запрашаюцца выканаўцы 16-33 год. Кожны з канкурсантаў можа падаць заяву як у адну з намінацыях, так і паўдзельнічаць у дзвюх або трох. Прызавы фонд сёлета складае 1500 еўра. Заявы прымаюцца да 1 траўня на мэйл: konkurs.zaspiavaj@gmail.com. Падрабязнасьці можна паглядзець на старонцы конкурсу.


Прома-ролік конкурсу (рэжысёр Арцём Лобач):





budzma.by