У «Крумкачоў» з'явіўся рок-гімн

Аўтары найлепшага беларускага рок-альбома 2015 году гурт Re1ikt напісалі гімн для футбольнага клуба «Крумкачы».


Беларускі гурт Re1ikt — уладальнік шматлікіх музычных узнагарод і прэмій — выклаў у сетку сінгл «Разам», які стаў гімнам футбольнай каманды «Крумкачы», якая у гэтым годзе дэбютавала ў вышэйшай лізе Беларусі.

56706da2_bc06_4cf1_b94b_aed456d7c2bc.jpg


«Трэк атрымаўся менавіта такім, якім мы сабе яго ўяўлялі: дынамічным, энергічным і натхняючым на перамогі. Гэта стоадсоткавы футбольны гімн, які адказвае сусветным стандартам, і пры гэтым у ім захавана нацыянальная беларуская ідэнтычнасьць», — кажа старшыня праўлення футбольнага клуба «Крумкачы» Дзяніс Шунта.
Запіс і звядзенне кампазіцыі зрабіў на мінскай студыі Эверэста Медыя вядомы беларускі гукарэжысёр Павел Сініла. Супрадзюсерам з боку «крумкачоў» стаў Віктар Радзькоў. Праслухаць трэк можна па спасылцы на афіцыйнай старонцы гурта Re1ikt на рэсурсе Soundcloud.
«Мы вельмі радыя, што менавіта Re1ikt запісалі для «Крумкачоў» гімн. Re1ikt карэлюе з намі па духу і стылістыцы. Гэта сапраўдны беларуски гурт, які стварае музыку, цікавую далёка за межамі Беларусі. Шматлікія ўзнагароды, якія яны атрымалі, а таксама хвалебныя водгукі экспертаў і крытыкаў не пакінулі і ценю сумневу ў тым, што «Крумкачы» зрабілі правільны выбар», —- дадае Дзяніс Шунта.

Музыкі таксама засталіся задаволеныя супрацоўніцтвам са спартоўцамі.


3f23d4af_faed_4ddd_9bff_bbc70262500f.jpg


«Мы хацелі стварыць песню, якая б кардынальна адрознівалася ад песень з альбома «Лекавыя травы», і пры гэтым адпавядала нейкім негалосным «стандартам» спартыўных гімнаў. Атрымалася забіяцкая кампазіцыя на стыку музычных кірункаў — ад яе вее і нейкай «пабнай ірландшчынай», у ёй ёсць энэргетыка панк-рока і разам з тым сапраўды беларускі дух», — распавядае лідэр гурта Re1ikt  Аляксандр Дземідзенка.

«Нас натхніла галівудская гісторыя «Крумкачоў», бо мы, простыя хлопцы з правінцыйнага гарадка, таксама калісьці пачыналі займацца музыкай з вялікім жаданнем дамагчыся высокіх вынікаў. Таму ведаем, што любоў да сваёй справы і падтрымка неабыякавых людзей, якія вераць у твой поспех, здольныя тварыць сапраўдныя цуды. Спадзяемся, што заўзятарам гімн будзе па душы», — рэзюмуе музыкант.

Упершыню гімн прагучыць 23 красавіка перад хатнім матчам са «Славіяй-Мазыр».
Паводле krumka.by