Альгерд Бахарэвіч выклаў у сеціва адразу дзве новыя кнігі
Творы называюцца «Тэатр шчаслівых дзяцей» і «Плошча Перамогі».
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч апублікаваў у электронным варыянце адразу дзве новыя кнігі — «Тэатр шчаслівых дзяцей» і «Плошча Перамогі».
«Сябры! У іншыя часы гэтыя дзве кнігі выйшлі б на паперы, у найлепшым выдавецтве, — напісаў аўтар на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Прадаваліся б у добрых кнігарнях. Але я вырашыў, што ў цяперашніх умовах лепш за ўсё закінуць іх у бязмежнае вольнае сеціва (заўсёды любіў гэты аксюмаран). Вось жа, мае новыя кніжкі «Тэатр шчаслівых дзяцей» і «Плошча Перамогі» нарэшце можна купіць і спампаваць — з чым я шчыра віншую сябе і чытачоў.
Іншага выйсця ў мяне пакуль няма. А ў вас ёсць самыя розныя опцыі: спампаваць 1) дзіцячую кнігу 2) дарослую кнігу 3) абедзьве кнігі адразу 4) нічога не спампоўваць і не чытаць.
Мне больш за ўсё падабаецца опцыя 3.
Увогуле, для мяне гэта штосьці зусім новае — выступаць у ролі электроннага аўтара. Таму хвалююся — і спадзяюся, што рашэнне маё было правільнае. У іншай Беларусі ў гэтых кніг будзе іншы фармат.
А цяпер пра самі кнігі.
«Тэатр шчаслівых дзяцей».
Рэдактар гэтай дзіцячай, але ў той самай ступені дарослай кніжкі — Сяргей Шупа. А цудоўную, вельмі прыгожую вокладку для яе зрабіла беларуская мастачка Кацярына Дубовік. Сяргей і Кацярына, спадзяюся, да вас далятаюць промні маёй удзячнасьці і павагі.
Пра што кніга?
«Тэатр шчаслівых дзяцей» — гэта беларускае фэнтэзі з элементамі палітычнага трылеру. Дзіцячая кніга, якую, спадзяецца аўтар, будзе цікава прачытаць і дарослым. Як выбрацца з пасткі, не маючы ні тэлефона, ні зброі, і знайсці зніклых сяброў? Колькі твараў у туману? Што такое гісторыя — і калі канчаецца мінулае? Якую таямніцу хаваюць нашыя бацькі — і ці чуе нас Бог, калі мы маўчым? Гэтымі пытаннямі задаюцца героі кнігі, Лявон, Анцік і Юля, нечакана апынуўшыся ў таямнічым краі, які не знойдзеш ні ў вікіпедыі, ні на школьных мапах.
Дзе спампаваць:
https://www.litres.ru/algerd.../teatr-shchaslivyh-dzyacey/
«Плошча Перамогі»
Рэдактар гэтай кнігі — Сяргей Шупа, а выдатную, адпаведную тэксту вокладку да яе зрабіла Юлія Цімафеева. Рэдактар жыве ў суседняй краіне, а аўтарка вокладкі цяпер у суседнім пакоі, але, спадзяюся, яны мяне чуюць: сардэчны дзякуй вам!
Пра што кніга?
Не пытайся, дзе і калі ўсё гэта адбылося, папярэджвае гэтая кніга. Раман-прыпавесьць, які толькі прыкідваецца гістарычным — а насамрэч выводзіць чытача са свайго «ніколі і нідзе» наўпрост у ХХІ стагоддзе з ягоным новым успрыманнем праўды, хлусні, інфармацыі і ўлады. А адначасова — у тую Беларусь, што адчула нарэшце подых Вялікай Гісторыі.
Дзе спампаваць?
https://www.litres.ru/algerd.../ploshcha-peramogi/
Шчыра дзякую таксама «Электроннай кнігарні» за тэхнічную падрыхтоўку абодвух выданняў — без яе гэтыя кнігі не з'явіліся б у сеціве».