Арлоў, Караткевіч і Быкаў сталі героямі гістарычных анекдотаў

Унікальную кнігу рыхтуе слынны літаратуразнаўца і даследчык Сяргей Шапран.

Яўген Глебаў і Васіль Быкаў

Яўген Глебаў і Васіль Быкаў

 А “Мова Нанова” з ласкавага дазволу аўтара першай публікуе некаторыя ўрыўкі.

Як Уладзімір Арлоў стаў прафесійным пісьменнікам

Пасля выхаду першай кнігі і ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Уладзімір Арлоў, звольніўшыся з рэдакцыі наваполацкай газеты «Хімік», сышоў на вольны хлеб. Аднак неўзабаве яго разам з жонкай запрасілі позвай у гарадскі аддзел міліцыі, дзе ім было прад’яўлена абвінавачванне ў правядзенні ў кватэры… падпольных абортаў. У якасці доказу капітан міліцыі прадставіў паказанні суседзяў: «Вядуць нелюдзімы лад жыцця, размаўляюць на беларускай мове». А каб суцішыць абуранага пісьменніка, дадаў: «Цішэй, Арлоў! Мы цябе ў любы момант можам прышчаміць за дармаедства».

Аднак Арлоў быў гатовы да такога павароту падзей і яшчэ раней выпісаў з заканадаўства артыкул, у якім было запісана, што сябры творчых саюзаў маюць права законна знаходзіцца на самастойнай творчай працы і не лічацца пры гэтым дармаедамі. Гэта для капітана аказалася вялікім і непрыемным адкрыццём. Змяніўшыся з твару, ён абвяў і, папрасіўшы выпіску на памяць, прамовіў: «Свабодны».

Гэткім чынам справа пра падпольныя аборты была спынена. З таго моманту Уладзімір Арлоў і пачаў лічыць сябе прафесійным пісьменнікам.

Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

 Караткевіч і касманаўты

 У 1985 годзе ў Оршы праходзіў семінар творчай моладзі, на якім сярод іншых выступалі партыйныя і савецкія работнікі, якія перасцерагалі маладых літаратараў ад ідэалагічных і палітычных памылак. І вось падчас семінара малады пісьменнік Уладзімір Арлоў заўважыў, што ў сваім выступе сакратар гаркама партыі ні слова не сказаў пра Уладзіміра Караткевіча, хоць Оршу, у першую чаргу, праславілі не дасягненні ў сацыялістычным спаборніцтве, а канкрэтны чалавек — апостал беларускай культуры Уладзімір Караткевіч. І таму Арлоў прапанаваў назваць імем Караткевіча вуліцу, на якой той жыў. Партсакратар адрэагаваў імгненна: ідэалагічна гэта будзе няправільна, таму што вуліца тая носіць імя касманаўтаў.

— Як? Адразу ўсіх касманаўтаў?! — пацікавіўся Арлоў.

— Так, усіх адразу.

— Яны што, усе нарадзіліся ў Оршы ці жылі тут? — не здаваўся літаратар.

Аднак яго апанент таксама меў пачуццё гумару:

— Яны над Оршай праляталі…

Прайшоў час, і аршанская вуліца Касманаўтаў атрымала імя Уладзіміра Караткевіча, а потым на ёй з’явіўся і помнік аўтару «Каласоў пад сярпом тваім» і «Дзікага палявання караля Стаха».

 Кантата для ўрада

 Кампазітар Яўген Глебаў распавядаў, як прымалі аднойчы ў Палацы спорту яго «Ленінскую кантату»:

— Шэсць тысяч чалавек, увесь урад у ложы. А ў мяне ў партытуры 8 літаўраў, 2 вялікія барабаны там-тамы, два хоры, два сімфанічныя аркестры — я-а-ак грамыхнулі фортэ адразу! Усе напалохана прыціхлі, а Машэраў пытаецца:

— Яўген Аляксандравіч, чаму так аглушальна?

А я яму:

— Спрацаваў мой вопыт працы ў ТЮГу: калі гучна пачынае аркестр, дзеці адразу перастаюць шумець.

«Літаратура ў масы»

 Васіль Быкаў распавядаў пра актыўных аратараў, якія яшчэ ў савецкія часы любілі па лініі бюро прапаганды літаратуры «хадзіць у масы». Так аднойчы група маскоўскіх пісьменнікаў накіравалася ў Дом састарэлых. Выступілі — чыталі вершы і эпічныя ўрыўкі, прычым кожны ва ўступным слове не прамінуў распавесці, як ён любіў бацькоў і рупіўся пра іх.

Затым быў урачысты абед: чабаровая гарбата, блінчыкі плаваюць у масле, як тыя крыгі падчас крыгаходу… Пасля абеду да задаволеных і льсняных ад ежы інжынераў чалавечых душаў падышла бабуля і ціха папрасіла:

— Вы радзей да нас прыязджайце.

— Чаму?! — здзіўляюцца госці.

— Пасля вас нас цэлы тыдзень пярлоўкай кормяць.

 Ухіліст Барадулін

 Рыгор Барадулін упарціўся і ніяк не хацеў уступаць у Камуністычную партыю. Як ні агітавалі, а агітавалі на самым высокім узроўні. Ужо напярэдадні свайго 50-годдзя Барадулін вырашыў адказаць няпэўна:

— Вось калі пяцьдзясят будзе, тады й падумаю.

Аднак калі дзень нараджэння прайшоў, юбіляр зноў знайшоў, як адмовіцца:

— Неяк няёмка ў пяцьдзясят гадоў уступаць — гэта ж дыскрэдытуе саму партыю!

Пятрусь Броўка і Рыгор Барадулін

Пятрусь Броўка і Рыгор Барадулін

 Карэктура за подпісам Броўкі

 Валянцін Тарас, паэт і перакладчык, прыгадваў, што калі працаваў у газеце «Звязда», аднойчы ўзяўся правіць вершы Петруся Броўкі, што ішлі ў чарговы нумар. Броўка аддаў вершы непасрэдна галоўнаму рэдактару, той — адказнаму сакратару «Звязды» Нічыпару Пашкевічу, які, неадкладна паставіўшы іх на паласу, сказаў Тарасу:

— Вычытай карэктуру завязі паласу Пятру Усцінавічу. Ён адпачывае ў Каралішчавічах.

Прачытаўшы вершы адзін раз, другі і трэці, Тарас узяў самапіску і пачаў правіць, прычым правіць рашуча і адважна. Пашкевічу правак не паказаў, бо быў перакананы, што цяпер вершы «зайгралі».

Прыязджае ў Каралішчавічы. Броўка, толькі пачаўшы чытаць, ціха і злавесна пытаецца:

— Што гэта такое? Хто гэта тут накрэмзаў?

Тарас у адказ:

— Чаму «накрэмзаў»? Гэта — праўкі… Я хацеў… Бачыце…

— Я ўсё бачу, не сляпы! — Ад гневу Броўка пачырванеў. — Таму і пытаюся, хто гэта зрабіў? Вы?

— Я…

— А хто Вам дазволіў? Я пытаюся, хто Вам дазволіў, малады чалавек? Гэта што, Вашы вершы? Тут жа напісана во, уверсе — «Пятрусь Броўка»!

— Я хацеў, каб было лепш. Мне здавалася…

— І слухаць не жадаю, што Вам здавалася! Вы не маеце ніякага права перарабляць мае вершы! Нават калі яны кепскія! Я і сам не інвалід.

— Але, Пятро Усцінавіч, — наважыўся запярэчыць Тарас, — паглядзіце, так жа лепш!

— Усе Вашы праўкі я закрэсліваю! Бо гэта пісаў не я, а Вы. Няхай будзе горш, але маё, разумееце? А лепш за мяне Вы ўжо самі пішыце, добра?..

І, старанна затушаваўшы асадкай усе крамзолі Тараса, напісаў унізе паласы: «Чытаў Пятрусь Броўка».

Правёўшы госця да дзвярэй, Пётр Усцінавіч раптам абняў таго за плечы, зірнуў у вочы і шапнуў на вуха:

— Не расказвайце нічога рэдактару, бо Вам дастанецца на арэхі. Я ўсё-ткі Пятрусь Броўка. А лепш за мяне, паўтараю, пішыце самі!

…Апошні раз Тарас бачыў Броўку за месяц да смерці: Пётр Усцінавіч шпацыраваў з кіёчкам па алеі, слабенькі, сівенькі, зняможаны дзядок. Тарас паведаміў, што перакладае адзін ягоны верш на расейскую мову.

— Толькі пакіньце ў сваім перакладзе што-небудзь і ад мяне самога, — усміхнуўся Броўка. — Бо іначай не падпішу карэктуры.

www.movananova.by