Аўдыёкнігу ўспамінаў Ларысы Геніюш прэзентавалі ў Мінску (фота)
Успаміны Ларысы Геніюш у чытанні Зінаіды Бандарэнкі занялі больш за 800 хвілін. Аўдыёкніга атрымала назву «Птушкі без гнёздаў» і была выпушчана Беларускім гістарычным таварыствам у Польшчы сумесна з інтэрнэт-бібліятэкай Kamunikat.org. Дарэчы, кніга будзе даступная не толькі на дыску, але і ў інтэрнэце.

Выпуск аўдыёкнігі — толькі першая частка задуманага. Хутка ў папяровым выглядзе мусіць выйсці пераклад успамінаў Ларысы Геніюш на польскую мову. Над ім працаваў
Чэслаў Сэнюх — вядомы польскі літаратар, які пераклаў на польскую шмат твораў славутых беларускіх пісьменнікаў.
У якасці гасцей на прэзентацыі выступілі Міхась Скобла, Генадзь Бураўкін і Зінаіда Бандарэнка.
Бард Алесь Камоцкі выканаў шэраг кампазіцый на вершы Ларысы Геніюш ды свае іншыя песні.

Ларыса Геніюш — вядомая беларуская пісьменніца і паэтка. З 1937 года жыла ў эміграцыі, была генеральным сакратаром урада БНР у выгнанні. Першы зборнік яе
вершаў выйшаў у Празе ў 1942 годзе. У 1949 годзе Ларысу Геніюш выдалі савецкім уладам і рэпрэсавалі. Праз сем гадоў лагероў яна была часткова рэабілітаваная і выйшла
на волю. Пасля гэтага яе творчасць была забароненай на працягу 10 гадоў. Пазней некалькі кніг Ларысы Геніюш усё ж выйшлі ўжо ў Савецкім Саюзе. Але найбольш значныя
зборнікі яе твораў былі надрукаваныя ўжо пасля сыходу таталітарнага рэжыму.







Фота аўтара